«Белнафтахім» дзясяты раз за год павысіў цэны на паліва


Канцэрн «Белнафтахім» абвесціў пра чарговае, дзясятае з пачатку 2011 года павышэнне цэнаў на аўтамабільнае паліва. 10 лістапада бензін падаражэў у сярэднім на 3,5 %, дызельнае паліва – на 7 %.

Паводле інфармацыі канцэрну, кошт бензіну «Нармаль-80» складае 4900 руб. за літр (даражэй на 160 руб.), «Аі-92» каштуе 5150 (даражэй на 180 руб.), «Аі-95» – 5550 (даражэй на 190 руб.), дызпаліва – 5750 (даражэй на 390 руб.).

Цэны павялічыліся «ў звязку з дэвальвацыяй беларускага рубля ў мэтах змяншэння стратаў нафтаперапрацоўчых заводаў пры рэалізацыі аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку і зніжэння яго спекуляцыйнага вывазу за межы краіны з-за значнага дыспарытэту коштаў на аўтамабільнае паліва ў Беларусі і суседніх дзяржавах».

Раней кошт паліва падвышалася 3 сакавіка (у сярэднім на 5 %), 31 сакавіка (на 10 %), 24 траўня (на 20 %), 7 чэрвеня (на 30 %), 21 ліпеня (на 3 %), 20 жніўня (на 3 %), 14 верасня (на 3 %), 1 кастрычніка (на 5 %) і 16 кастрычніка (бензін – на 3 %, дызпаліва – на 5 %). 9 чэрвеня на патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі, якое прагучала на наступны дзень пасля масавай акцыі менскіх аўтамабілістаў «Стоп бензін», цэны былі зніжаныя на 13–22 %.

З пачатку года «Нармаль-80» падаражэў у 2,18 разу (было 2250 руб.), «Аі-92» – у 1,79 разу (2870), «Аі-95» – у 1,71 разу (3240), дызпаліва – у 2,23 разу (2580).

belsat.eu

Стужка навінаў