У Беларусі збіраюцца ўвесці нормы спажывання электраэнергіі


Міністэрства эканомікі тлумачыць гэта тым, што беларусам трэба вучыцца жыць па сродках.

Як неаднаразова заяўлялі чыноўнікі гэтага ведамства, зараз насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ значна меней, чым тыя каштуюць. “Сёння ўзровень пакрыцця тарыфамі выдаткаў ЖКГ складае каля 17 %, пры гэтым мы ў свой час узялі абавязкі перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС і МВФ давесці сёлета гэты паказнік да 30 %”, – заявіў намеснік міністра эканомікі Анатоль Філонаў. Паводле яго, увядзенне лімітаў на электрычнасць прымусіць беларусаў больш эканоміць і падрыхтуе да таго, што з 2014 года ім давядзецца аплочваць 100 % кошту паслуг на электрычнасць, гарачую ваду і газ.

Чыноўнік гаворыць, што ў гэтым пытанні хутчэй за ўсё выкарыстаюць досвед суседняй Украіны: там норма спажывання электраэнергіі складае 150 кВт на сям’ю ў месяц. Звышнарматыўны расход ацэньваецца паводле падвышанага тарыфу.

Незалежны эканаміст Міхась Залескі называе гэтыя захады “вяртаннем у часы позняга сацыялізму”. “Чаму тады ўвогуле не ўвесці на ўсё талоны, як гэта было ў гады перастройкі?”– дзівіцца ён. Эксперт прапаноўвае лепш пераймаць досвед еўрапейскіх краінаў: “Там кошты ўсталяваныя на тым узроўні, што выгадныя вытворцу. Пры гэтым электрычнасць уначы, напрыклад, каштуе значна танней, чым удзень. Ты можаш карыстацца пральнаю машынаю хоць, што называецца, у прайм-тайм, калі ты здольны за гэта заплаціць. Але ніхто ніколі не абмяжоўвае спажыўцоў. Яны заўсёды маюць выбар”.

“Праблема яшчэ і ў тым, што як толькі ўводзіцца нармаванне, то адразу ж з’яўляюцца людзі першага, другога і апошняга гатунку”, – перасцерагае Міхась Залескі. Эканаміст нагадвае, што ў свой час магчымасцю набываць валюту на сацыяльныя патрэбы паводле паніжанага курсу карысталіся пераважна набліжаныя да ўлады, а простаму чалавеку зрабіць гэта было вельмі складана. “Вось і зараз дазволілі набываць золата за беларускія рублі без пашпарту. Хто яго набывае зліткамі па 1,5 кілаграма? Зразумела ж, што не перадавыя даяркі ды механізатары”, – заўважае эксперт.

З ягоных словаў, усё зараз, “пачынаючы з закону, што дазваляе сыну працаваць разам з татам, робіцца на карысць паноўнага класу”, то бок наменклатуры.

belsat.eu

Стужка навінаў