Датэрміновыя парламенцкія выбары магчымыя


Пра тое, што выбарчая кампанія можа адбыцца ўжо ўвесну, паведаміў расейскі “КоммерсантЪ” са спасылкаю на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва парламенту Беларусі. Паводле крыніцы, улады рыхтуюцца да правядзення наступных парламенцкіх выбараў у красавіку, хоць першапачаткова меркавалася, што яны пройдуць восенню. Такім чынам, нібыта, Аляксандр Лукашэнка разлічвае пазбегнуць ціску Захаду, які патрабуе ад яго дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.

Выданне адзначае, што перасоўванне выбараў у Беларусі “ўжо стала звыклаю практыкай”. У 2006 годзе ўлады правялі выбары прэзідэнта на чатыры месяцы раней за тэрмін (у сакавіку замест ліпеня). Тое ж самае адбылося з апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі, якія прызначылі на снежань 2010 года, у той час як папярэдне яны чакаліся ў сакавіку 2011-га. На думку беларускай апазіцыі, гэта рабілася наўмысна, каб не даць магчымасці супернікам Лукашэнкі правесці паўнавартасную выбарчую кампанію.

Палітолаг Валер Карбалевіч дапускае, што выбары правядуць датэрмінова. “У Беларусі магчыма ўсё, бо дзеюць не законы і права, а ўсё вызначае воля аднаго чалавека”, – сказаў ён.

Аднак асаблівага сэнсу ў пераносе тэрмінаў выбарчай кампаніі Карбалевіч не бачыць. “Няўжо сітуацыя вясной у краіне будзе лепш, чым увосень? Няўжо не будзе крызісу? Да восені людзі, наадварот, могуць прывыкнуць і адаптавацца да складанай сітуацыі”. – лічыць ён.

Каментуючы меркаванне аб тым, што перанос выбараў можа быць звязаны са спробаю ўладаў прадэманстраваць Захаду крокі дэмакратызацыі, палітолаг заўважыў: “Для паляпшэння адносінаў выбары трэба праводзіць сумленна і дэмакратычна. Улады да гэтага не гатовыя і не пойдуць на такое”.

У сваю чаргу палітолаг Андрэй Казакевіч мяркуе: датэрміновае правядзенне выбараў можа быць прадыктавана імкненнем не пакінуць палітычным апанентам уладаў часу на рыхтаванне да выбарчае кампаніі. “Правесці выбары як мага хутчэй, каб яны (апазіцыя) не паспелі прадумаць сваю перадвыбарчую кампанію, каб Захад таксама не паспеў прадумаць сваёй стратэгіі”, – сказаў Казакевіч.

Пры гэтым палітолаг не выключае, што артыкул у расейскім “Коммерсанте” можа быць “проста інфармацыйным укідам з мэтаю праверыць рэакцыю Захаду, як гэта ўжо неаднаразова рабілася”.

Аляксандр Фядута пагаджаецца з калегам. Інфармацыя “Коммерсанта” супала з чуткамі пра тое, што на мінулым тыдні ўсе выканкамы павінны былі перадаць спісы магчымых кандыдатаў у дэпутаты. «Усе праблемы, якія ёсць, мы адчуем пасля выбараў прэзідэнта Расеі. Бо для Крамля зараз галоўнае, каб Менск нічога не вякаў напярэдадні выбараў у Расеі. Пасля мы яшчэ раз адчуем пагаршэнне гэтых адносінаў», – кажа спадар Фядута.

belsat.eu

Стужка навінаў