Някляева не выпускаюць лячыцца за мяжу


Паэту патрэбная складаная і дарагая аперацыя.

У крымінальна-папраўчай інспекцыі Ленінскага раёну Уладзіміру Някляеву паведамілі, што дазвол на выезд за мяжу яму могуць даць у надзвычайных выпадках. “У якіх? З тлумачэнняў міліцыянтаў я так і не зразумеў. Відаць, калі апынуся ў катафалку, то, можа, і дазволяць”, – нявесела жартуе Уладзімір Някляеў.

Ён гаворыць, што дагэтуль даюцца ў знакі чатыры гіпертанічныя крызы, што ён перанёс у СІЗА КДБ. Таксама моцна турбуе спіна. Аднак даверу да беларускіх медыкаў, паводле Уладзіміра Някляева, ён больш не мае, хоць міліцыянты і імкнуліся пераканаць паэта, што ў Беларусі найлепшая ў свеце медыцына. “Мяне з чэрапна-мазгавою траўмай айчынная медыцына перавяла з палаты рэанімацыі ў палату “турма”. Да таго ж мне патрэбная прыблізна ж тая аперацыя, што зрабілі Дзмітрыю Бандарэнку. Дык ён пасля аперацыі ходзіць па зоне на мыліцах. Які давер можа быць да такой медыцыны?” – зазначае Уладзімір Някляеў.

Паэт таксама гаворыць, што на лячэнне патрэбна шмат грошай, і ягоныя сябры за мяжою знайшлі высокакваліфікаваных медыкаў, што гатовыя бясплатна аказаць неабходную дапамогу.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем выканання прысуду на два гады. У сувязі з гэтым ён мае шэраг абмежаванняў: яму забаронена ўдзельнічаць у масавых акцыях, у цёмны час содняў паэт мусіць быць у кватэры, а раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, таксама яму забаронена выязджаць за мяжу. Аднак сам Уладзімір Някляеў неаднаразова заяўляў, што вінаватым сябе не лічыць, таму рашэнне суда не прызнае. “Я і пайшоў за дазволам толькі дзеля таго, каб у маю адсутнасць яны не тэрарызавалі жонку Вольгу сваімі візітамі, не прымушалі яе пісаць тлумачальныя”, – падкрэсліў палітык у інтэрв’ю “Белсату”.

belsat.eu

Стужка навінаў