У сталіцы не хапае міліцыі


Упраўленне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму аб’явіла “кірмаш вакансіяў”. Праваахоўнай сістэме Менску патрабуюцца міліцыянты амаль ва ўсе структурныя злучэнні – ад участковага да канваіра і кінолага. Працаўнікоў шукае і полк міліцыі спецыяльнага прызначэння (былы АМАП).

Былы следчы пракуратуры, праваабаронца Алег Волчак гаворыць, што кадравая праблема ў міліцыі застаецца ўжо не адзін год, і прычына гэтага – дэградацыя праваахоўнай сістэмы.

“Рэформаў тут не было з часоў СССР. Яшчэ Юрый Захаранка прапаноўваў пераўтварыць міліцыю на ўзор адной з усходнееўрапейскіх краінаў”, – распавёў Алег Волчак. Праваахоўныя органы, паводле праваабаронцы, таксама развальвае карупцыя ды сямейнасць. Сёння звання і пасады даюць не за асабістыя якасці службоўцаў, а дзякуючы тату-міністру ці сваяку-дэпутату – мяркуе Алег Воўчак.

Алег Волчак, былы следчы, адзначае, што масавы сыход працаўнікоў з міліцыі пачаўся пры міністру Навумаву, але і цяпер нічога не змянілася. “У грамадстве скампраметаваны сам панятак “міліцыянт”. Народ успрымае іх не як вартаўнікоў закону, а як прадстаўнікоў карных органаў. Адна з прычынаў таму – удзел міліцыі ў палітычных акцыях. Зараз нават прадстаўнікоў патрульна-паставой службы выстаўляюць супраць апазіцыянераў”, – адзначае Алег Волчак.

Паводле праваабаронцы, мала хто з працаўнікоў служыць працяглы тэрмін, звычайна праз год-паўтара людзі звальняюцца. Нямала з тых, хто застаецца, співаюцца ці заканчваюць жыццё самагубствам, дадае Алег Волчак.

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных справаў, летась скончылі жыццё самагубствам 12 міліцыянтаў. Ніколі дагэтуль такой значнай колькасці суіцыдаў сярод міліцыянтаў не рэгістравалася.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары