Іосіф Сярэдзіч: Генпракуратура – наш самы першы чытач


Галоўнага рэдактара “Народнай волі” выклікаюць у Генеральную пракуратуру. Сустрэчу прызначылі на 10 лістапада.

Як распавёў “Белсату” Іосіф Сярэдзіч, у ведамстве зацікавіліся артыкулам “Народны сход як форма самаарганізацыі грамадзянаў”, надрукаваны ў сённяшнім нумары выдання: “Мы тут у калектыве нават пажартавалі, што ў Генпракуратуры сядзяць нашыя самыя першыя чытачы”. Пільную ўвагу да выдання рэдактар тлумачыць тым, што “Народная воля” публікуе артыкулы, нязручныя для ўлады. Разам з тым, ён зазначае, што ніякіх законаў гэтым артыкулам газета не парушала.

Нагадаем, сёлета існаванне “Народнай волі” ўжо было пад пагрозаю. Міністэрства інфармацыі ініцыявала закрыццё выдання на падставе атрыманых газетаю папярэджанняў за некаторыя публікацыі. Аднак, дзякуючы розгаласу гэтай справы ў краіне і свеце, а таксама падтрыманню чытачоў, якія накіроўвалі ў Мінінфармацыі лісты з патрабаваннем пакінуць выданне ў спакоі, міністэрства пазоў аб закрыцці газеты адклікала. Выданне толькі аштрафавалі на 14 млн беларускіх рублёў “за паўторнае на працягу года атрыманне папярэджанне” (арт. 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях). Як зазначылі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэты артыкул Міністэрства інфармацыі выкарыстала ўпершыню.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары