Дзяржава зэканоміць на інвалідах і састарэлых


У дамах-інтэрнатах, не прыдатных для эксплуатацыі, працягнуць утрымліваць людзей.

Прэсавая служба Савету Міністраў інфармуе пра тое, што комплексная праграма на 2011–2015 гг. сёлета будзе скарэктаваная. Найбольшыя перамены закрануць стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання: шпіталі, дамы-інтэрнаты для інвалідаў і састарэлых.

«З улікам існых эканамічных умоваў запланаванае памяншэнне аб’ёмаў фінансавання ў 2011 г. на суму 17,281 млрд руб. і павелічэнне ў наступных гадах на 149,829 млрд руб.», – паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе.

Паводле папярэдняга плану, у Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцях у 2014–2015 гг. мусілі стварыць стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання малой змяшчальнасці і павышанай камфортнасці, дзе маглі б жыць да 50 чалавек. Але цяпер праект пераглядаюць, а рамонтныя працы ў старых будынках пераносяцца на 2012 і наступныя гады. Чыноўнікі, праўда, удакладняюць, што з часам праграма можа ізноў карэктавацца і тэрміны здачы аб’ектаў могуць перанесці.

Цяпер у Беларусі працуюць 72 стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання (44 псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты, 20 – для састарэлых ды інвалідаў, 9 – для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў), у якіх жывуць 17,3 тыс. чалавек.

Сябра ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Тамара Сярова адзначае, што большасць стацыянарных установаў пабудавалі больш за 40 гадоў таму. «Кожная з іх ўяўляе з сябе комплекс будынкаў для жыцця з аўтаномнаю гаспадаркаю – гэта складаныя інжынерныя камунікацыі, сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі, лазні-пральні, складскія і гаспадарчыя пабудовы. Шмат якія з іх паводле свайго тэхнічнага стану не прыдатныя для далейшай эксплуатацыі ды падлягаюць дэмантажу, але там працягваюць утрымліваць людзей».

belsat.eu

Стужка навінаў