Ва Украіне па пашпарце валюту пачалі абменьваць удвая радзей


З сённяшняга дня і ў Беларусі валюту можна набыць толькі з пашпартам. Кліенты цікавяцца, ці трапяць звесткі працадаўцам або ў падатковую інспекцыю.

9 лістапада пачала дзеяць пастанова Нацбанку, паводле якой пры продажы замежнай валюты патрабуюць дакументы, якія сведчаць пра асобу. У аддзеле інфармацыі галоўнага банку краіны патлумачылі, што да такіх дакументаў адносяцца пашпарт грамадзяніна Беларусі, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца і пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы.

«Банкамі рэгіструюцца наступныя рэквізіты дакументу: прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (пры наяўнасці); найменне дакументу, яго серыя і нумар; ідэнтыфікацыйны (асабісты) нумар фізічнай асобы (пры адсутнасці нумара – дата нараджэння), а таксама мэта набыцця валюты», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Нацбанку.

Як паведаміла «Белсату» крыніца з «Беларусбанку», скаргаў ад кліентаў пакуль не паступала, але людзі цікавяцца, якія менавіта звесткі запісвае касір і ці будуць перадаваць інфармацыю на працу і ў падатковую інспекцыю. Паводле заканадаўства, звесткі захоўваюцца ў банку. Аднак міліцыя, падаткавая інспекцыя і іншыя органы могуць атрымаць іх, накіраваўшы адпаведны запыт.

Суседнія з Беларуссю краіны ўжо маюць досвед абменных аперацыяў, што ажыццяўляюцца толькі з пашпартам. З 23 верасня такі самы прынцып дзее ва Украіне. Праўда, тут паказаць дакументы патрабуюць не толькі пры пакупцы, але і пры продажы замежнай валюты.

Паводле падлікаў Асацыяцыі ўкраінскіх банкаў, з-за новых патрабаванняў за апошні месяц украінцы пачалі ўдвая радзей абменьваць грошы легальна. Афіцыйна Нацбанк Украіны увёў абмежаванні, каб прыпыніць карупцыю, але незалежныя аналітыкі называюць гэта спробаю псіхалагічна ўздзейнічаць на грамадзянаў і такім чынам спыніць імклівы рост попыту на замежную валюту. Захады ўкраінскіх уладаў прывялі да актывізацыі нелегальных валютчыкаў, а ў інтэрнэце з’явіўся электронны абменнік валюты, які працуе паводле прынцыпу беларускага парталу prokopovi.ch. Замежную валюту прадаюць па пашпарце і ў Расеі.

На меркаванне эканаміста Ірыны Урбан, захады беларускіх уладаў маюць хутчэй псіхалагічны эфект, чымся фінансавы. «Простыя беларусы першы час будуць баяцца купляць валюту, а тыя, хто валодае вялікімі ашчаджэннямі, проста будзе наймаць пасярэднікаў, якія зробяць гэта за яго. Такая сістэма ў Беларусі ўжо працавала, дзейсных вынікаў яна не дала», – адзначыла эксперт.

Абмежаванняў на пакупку валюты Нацбанк пакуль не ўводзіў.

belsat.eu

Стужка навінаў