Конкурс: стварыць «творчую канцэпцыю» Чарнобыльскай зоны


Пераможца конкурсу на стварэнне творчай канцэпцыі для развіцця гарадоў і рэгіёнаў атрымае два квіткі ў Парыж.

Паводле дырэктаркі інфармацыйна-турыстычнага цэнтру «Менск» Менгарвыканкаму Алены Пліс, сярод найбольш цікавых праектаў – развіццё тэрыторыяў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, развіццё Віцебску, адраджэнне Лёзна, роля мясцовых органаў у развіцці рэгіёнаў. Працы падаюць як творчыя калектывы, так і студэнты, навучэнцы каледжаў.

Конкурсныя працы цэнтр «Менск» прымае да 11 лістапада. На 8 лістапада паступілі дзесяць заявак.

Конкурс адбываецца ў рамках II Міжнароднага форуму «Імідж Рэспублікі Беларусь: стратэгія развіцця», які пройдзе ў Менску 24–25 лістапада.

Працы можна падаваць у наступных намінацыях: «Брэндынг тэрыторыяў. Канцэпцыя і спосаб рэалізацыі», «Змена іміджу тэрыторыі праз арганізацыю сімвалічных падзеяў», «Культурныя праекты ў рамках маркетынгу тэрыторыяў», «Прасоўванне гарадоў і тэрыторыяў праз інтэрнэт», «Роля мясцовага бізнесу ў маркетынгу тэрыторыяў», «Роля грамадскіх арганізацыяў у маркетынгу тэрыторыяў».

Да ўдзелу ў конкурсе (ён бясплатны) запрашаюцца PR- і рэкламныя кампаніі, дызайнерскія арганізацыі, брэндынгавыя агенцтвы, мастацкія студыі, універсітэты, кансалтынгавыя агенцтвы, абласныя і раённыя адміністрацыі, ўэб-студыі, турыстычныя арганізацыі, творчыя калектывы ды іншыя зацікаўленыя.

18 лістапада экспертная рада, у склад якой увайшлі спецыялісты ў галіне маркетынгу, турызму, рэкламы і культуры, вызначыць пяць фіналістаў. Іх працы будуць прадстаўленыя на форуме 25 лістапада. Будзе вызначаная тройка найлепшых. Пераможца атрымае два квіткі ў Парыж ад генеральнага спонсара конкурсу, кампаніі «Белавія».

belsat.eu

Стужка навінаў