Залескі: У плане энергетыкі варта звярнуць увагу на Польшчу


Прывязвацца ў газавым пытанні да Расеі – бесперспектыўна, мяркуе эканаміст.

«Крызіс адкрыў амерыканцам сланцавы газ, і яны абагналі расейцаў па экспарце газу. Наступныя пасля Злучаных Штатаў па значнасці запасы ёсць у Польшчы сланцавага газу. Ці не стане так, што мы арыентуемся не на той бок?» – разважае эканаміст Міхал Залескі.

«Калі Лукашэнка казаў, што і ў нас можа недзе газам «прарваць», ён таксама меў на ўвазе перспектыўныя залежы сланцу ў нашай краіне», – нагадвае эканаміст. Аднак у Беларусі на сённяшні дзень няма адпаведных тэхналогіяў.

Паводле Залескага, перспектыва газавага забеспячэння ў свеце будзе мяняцца, бо ў ЗША распрацоўваюць тэхналогію здабычы прыпалярных газаў, якія ў выглядзе «жэле» залягаюць у водах Ледавітага акіяну.

Таму Беларусь, якая ў плане газавых паставак прывязваецца да Расеі, паводзіцца бесперспектыўна. Тым больш, што газаправод «Паўночная плынь», урачысты запуск якога адбыўся 8 лістапада, дае нашай суседцы палітычныя дывідэнды. (У камерцыйным плане праект паставак блакітнага паліва з Расеі ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора акупіцца самае ранняе праз 30–50 гадоў).

Неўзабаве Масква і Менск маюць падпісаць пакет пагаднення аб пастаўках газу ў Беларусь на бліжэйшыя тры гады і аб транзіце блакітнага паліва праз нашую краіну. Адсутнасць альтэрнатывы ў Беларусі можа істотна адбіцца не толькі на ўмовах будучых паставак і транзіту, але і на ўмовах пагаднення аб продажы «Газпрому» другой паловы акцыяў «Белтрансгазу».

belsat.eu

Стужка навінаў