Уладзімір Някляеў пераканаў Захад?


Кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў пазітыўна ацэньвае вынікі сустрэчаў з міністрамі замежных справаў Польшчы ды Чэхіі.

“Пачыналіся нашыя размовы з прадстаўнікамі найвышэйшых эшалонаў улады з недаверу, маўляў, паслухаем гэтых апазіцыянераў беларускіх. А сканчаліся моцным поціскам рукі ды словамі ўдзячнасці за тое, што прыехалі і распавялі, як ёсць насамрэч”, – заявіў Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Падчас сустрэчаў з замежнымі чыноўнікамі, паводле Уладзіміра Някляева, уздымалася пытанне пра апошнія сустрэчы еўрапейскіх дыпламатаў з Аляксандрам Лукашэнкам. “У Беларусі ўзніклі засцярогі, што за спінаю дэмакратычнай апазіцыі такім чынам спрабуюць “дэмакратызаваць” і рэжым, і самога Лукашэнку, – кажа Уладзімір Някляеў. – І міністр замежных справаў Чэхіі, і міністр замежных справаў Польшчы запэўнілі мяне, што такіх засцярогаў не мусіць быць. Пазіцыя Еўразвязу нязменная: усе далейшыя перамовы з Лукашэнкам магчымыя толькі ў выпадку правядзення свабодных і справядлівых выбараў”.

Уладзімір Някляеў таксама заявіў польскім журналістам, што адною з прычынаў ягонага еўрапейскага турнэ стаўся створаны штучна імідж яго як “прарасейскага кандыдата”. “Мяне вельмі дакладна паставілі ў прарасейскую нішу, – заявіў палітык. – Тая частка апазіцыі, якая на мяне ставіць пячатку, як надпіс на пернік, “Made in Kremlin”, стараецца, каб гэтая тэндэнцыя працягвалася, тым самым адцягвае ў мяне тую частку электарату, што стаіць за еўрапейскі шлях развіцця”.

belsat.eu

Стужка навінаў