Павал Севярынец застанецца на «хіміі»


Кіраўніцтва спецкамендатуры, дзе адбывае пакаранне сустаршыня БХД, прыняло рашэнне адмовіць асуджанаму палітыку ў замене рэжыму.

Павал Севярынец адбыў траціну тэрміну, прызначанаму яму судом за ўдзел у Плошчы. Палітвязень не мае спагнанняў ад кіраўніцтва спецкамендатуры. Нагадаем, 27 кастрычніка атэстацыйная камісія спецкамендатуры разгледзела станоўчыя характарыстыкі з месца працы Паўла Севярынца і вырашыла, што той «стаў на шлях выпраўлення». У такіх выпадках, згодна з законам, асуджанага могуць перавесці на «хатнюю хімію». Аднак Паўлу Севярынцу ў гэтым адмовілі.

Палітвязень упэўнены, што да гэтага спрычынілася ягоная адмова прызнаць сваю віну і звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні. Ён дадае, што на станоўчае рашэнне з боку кіраўніцтва спецкамендатуры не спадзяваўся. «Лёс палітвязняў будзе мяняцца, хутчэй за ўсё, разам ува ўсіх. Напрыклад, калі Лукашэнку спатрэбіцца пашантажаваць Расею, тады ён зробіць некалькі крокаў на Захад і вызваліць нас. Але калі гэта адбудзецца, прадказваць я не бяруся», – гаворыць Павал Севярынец.

Нагадаем, раней у змякчэнні рэжыму адмовілі яшчэ аднаму палітвязню – кааардынатару кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыю Бандарэнку. Траціну тэрміну пакарання ён адбыў яшчэ ў жніўні. У лісце да жонкі палітвязень напісаў, што пасяджэнне камісіі па ўмоўна датэрміновым вызваленні і замене рэжыму пакарання доўжылася 30 секундаў: «Начальнік калоніі заявіў, што мяне, маю асобу, яшчэ недастаткова вывучылі, і запытаў, ці ёсць у мяне пытанні. Пытанняў не было. Потым начальнік каранціну сказаў, што для вывучэння спатрэбіцца яшчэ паўгода. Гэта значыць, наступная камісія адносна мяне будзе праз паўгода».

Сустаршыня БХД Павал Севярынец быў асуджаны паводле справы 19 снежня на тры гады «хіміі». Ён адбывае пакаранне ў спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасцейскай вобласці. Дзмітрый Бандарэнка атрымаў два гады пазбаўлення волі. Пакаранне ён адбывае ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15.

belsat.eu

Стужка навінаў