Чаму Лукашэнка змяняе антыкарупцыйнае заканадаўства?


Прэзідэнт накіраваў на разгляд у парламент законапраект аб унясенні зменаў у закон “Аб барацьбе з карупцыяй”. Калі дэпутаты ўхваляць гэтыя змены, тады сваякі змогуць працаваць на дзяржаўнай службе ў падначаленні адзін у аднаго.

Нагадаем, цяпер у арт. 18 закону “Аб барацьбе з карупцыяй” прапісана, што “праходжанне дзяржаўнай службы асобамі, якія ў шлюбе або ў дачыненнях блiзкага сваяцтва ці крэўнасці, не дапускаецца, калi iхная службовая дзейнасць звязаная з непасрэднаю падпарадкаванасцю або падкантрольнасцю аднаго з іх іншаму”. Згодна з папраўкамі, абмежаванні ў супольнай дзяржаўнай службе будуць рэгулявацца “заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь”.

Юрыст і праваабаронца Алена Танкачова гаворыць, што з унясеннем паправак антыкарупцыйны закон перастане быць самадастатковым, бо норма закону скасуецца адсылачнаю нормаю. То бок, падыход да ацэнкі сямейнасці будзе сітуацыйны. “Існаванне адсылачнай нормы прадугледжвае прыняцце нейкіх іншых нарматыўных актаў, у тым ліку і на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, нават пад грыфам “Для службовага выкарыстання”, – засцерагае Алена Танкачова.

Як зазначае лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, папраўкі прывядуць заканадаўства ў поўную адпаведнасць існай практыцы. “У нас ужо даўно сыны Аляксандра Лукашэнкі займаюць высокія пасады ў падначаленні ў бацькі. [Старэйшы сын – памочнік прэзідэнта ў дзяржаўнай бяспецы, сярэдні ачольвае прэзідэнцкі спартовы клуб і ўваходзіць у Нацыянальны алімпійскі камітэт. – Рэд.] Тое, што было выключэннем для адной сям’і, цяпер зробіцца нормаю”, – гаворыць апазіцыйны палітык.

Анатоль Лябедзька нагадвае, што менавіта барацьба з карупцыяй дазволіла Аляксандру Лукашэнку зрабіць сабе імя і атрымаць мандат прэзідэнта – у Вярхоўным Савеце 12-га склікання былы дырэктар саўгасу ўзначальваў адпаведную спецкамісію. Да таго ж усе гады ва ўладзе антыкарупцыйная тэма была своеасабліваю “фішкаю” дзейнага прэзідэнта. “Пасля таго, як сям’я Лукашэнка павялічылася колькасна і ўмацавала свае пазіцыі не толькі ва ўладзе, яны ствараюць для сябе больш камфортныя ўмовы існавання, у тым ліку і заканадаўча”, – падкрэслівае Анатоль Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў