Жыхары Бярозаўкі занепакоеныя экалогіяй


Яны выказваюцца супраць планаванай вытворчасці шклаваты ў горадзе.

Беларускія прадпрыемствы штогод аддаюць каля $ 40 млн на закуп шклаваты за мяжою. Гэты ізаляцыйны матэрыял сваімі ўласцівасцямі пераўзыходзіць іншыя будаўнічыя матэрыялы. З увагі на эканомію ды імпартазамяшчэнне выйшаў указ прэзідэнта арганізаваць на шклозаводзе “Нёман” вытворчасць новай прадукцыі.

Паводле дырэктара заводу Ігара Бацяна, вытворчасць шклаваты плануюць распачаць у снежні. Ужо набылі італьянскае абсталяванне на суму амаль € 30 млн. “Мы маем на руках усе дакументы, якія дазваляюць нам працаваць у гэтым кірунку. Больш за тое, гэта яшчэ і дзяржаўная замова – забяспечыць прадпрыемствы айчыннаю прадукцыяй. Разам з тым, завод выконвае і сацыяльную функцыю – будзе арганізавана 100 дадатковых працоўных месцаў. Для мястэчка, дзе жыве каля 12 000 чалавек, гэта высокі паказальнік”, – мяркуе суразмоўца.

Тым часам мясцовыя жыхары патрабуюць, каб улады правялі дадатковую экалагічную экспертызу, а таксама арганізавалі грамадскія слуханні, дзе бярозаўцы і незалежныя эксперты змаглі б данесці сваю пазіцыю. “Мы хочам ведаць, якія рэчывы і ў якой колькасці будуць выкарыстоўвацца пры вырабе шклаваты, ці будзе гэтая вытворчасць уплываць на навакольнае асяроддзе, якія гарантыі бяспекі жыхароў Бярозаўкі”, – адзначылі яны ў лісце, які падпісалі тысячы актывістаў.

На меркаванне эколага Вольгі Астаповіч, гэта станоўчая тэндэнцыя, калі жыхары гатовыя адстойваць захаванне навакольнага асяроддзя. “Часам такія акцыі заканчваюцца поспехам – і вытворчасць сапраўды або прыпыняюць, або пераносяць у іншае месца. Але як паказвае досвед, калі на вытворчасць выдаткавана шмат грошай, а завод магутны і яго падтрымліваюць чыноўнікі на самым высокім узроўні, на экалагічныя пытанні забываюцца, і дзяржаўныя камісіі ўсё дазваляюць. Гэтаксама было з пабудоваю заводу ядахімікатаў у пасёлку Дружны, што непадалёк ад Менску”, – паведаміла эксперт. Улады дазволілі працу завода “Август-Бел” у Пухавіцкім раёне пасля двухгадовых пратэстаў і судовых пасяджэнняў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары