Затрыманых 6 і 7 лістапада актывістаў будуць судзіць


Актывістаў апазіцыі, якіх затрымалі ў Менску 6 і 7 лістапада, маюць судзіць сёння ў судах Ленінскага і Маскоўскага раёнаў сталіцы. Увесь гэты час затрыманыя правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вул. Акрэсціна.

Справу блогера Юрыя Навіцкага, якога схапілі 6 лістапада падчас шэсця да Лошыцкага Яру, арганізаванага Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй БНФ, будуць разглядаць у судзе Ленінскага раёну.

Пасля мітынгу Навіцкі сеў у аўтамабіль да актывіста руху “За свабоду” Арцёма Лявы. Разам яны паспрабавалі пакінуць Лошыцкі Яр, аднак пры выездзе на вул. Маякоўскага аўтамабіль спыніў працаўнік ДАІ, пасля чаго да аўта падбеглі людзі ў цывільным, выцягнулі адтуль Навіцкага з ужываннем сілы, заштурхнулі ў мікрааўтобус і звезлі. Пасля высветлілася, што блогера даставілі ва УУС Ленінскага раёну, а затым – у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Што канкрэтна інкрымінуюць Навіцкаму, невядома. На думку ягоных таварышаў, ён быў затрыманы за тое, што падчас шэсця і мітынгу фатаграфаваў працаўнікоў міліцыі ў цывільным, якія здымалі прысутных на відэа.

Сябры “Маладога фронту” Павел Сяргей, Раман Васільеў і Міхаіл Мускі, якія 7 лістапада закідалі яйкамі помнік Леніна каля Дому ўраду падчас мітынгу камуністаў, пасля затрымання былі дастаўленыя ва УУС Маскоўскага раёну. Яны абвінавачваюцца паводле арт. 17 ч. 1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (дробнае хуліганства). Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, справы маладафронтаўцаў разгледзяць у судзе Маскоўскага раёну. “Але пакуль іх у суд не прывезлі”, – дадала яна.

belsat.eu

Стужка навінаў