Ігар Кузняцоў у «Гарачым каментары»


https://youtu.be/UnpVfNquXw0
«День 7 ноября – красный день календаря». Знаёмыя з савецкага дзяцінства радкі. І сёння ў Беларусі гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі – свята дзяржаўнае і выходны дзень.

У гэты дзень адбыліся перамога ўзброенага паўстання працоўных і жаўнераў ды абвешчанне ўлады Саветаў. З распадам Савецкага Саюзу афіцыйнае святкаванне ўгодкаў гэтай падзеі скончылася, але не ў Беларусі. Сёння Аляксандр Лукашэнка не забыўся павіншаваць суайчыннікаў і адзначыць, што цяперашнія мір і стабільнасць, а таксама закон і парадак ёсць доказам правільнасці абранага шляху. У Менску ж падчас акцыі нешматлікіх сябраў Камуністычнай партыі Беларусі, што прыйшлі да помніка Леніну, маладыя людзі закідалі яйкамі помнік правадыра.

Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, дзень 7 лістапада – гэта самае незразумелае свята ў незалежнай Беларусі.

«Гэта быў незаконны і гвалтоўны дзяржаўны пераварот, які распачаў эпоху чырвонага тэрору, якая перамалаціла вялізарную колькасць чалавечых жыццяў, нават паводле самых агульных падлікаў, гэта каля 20 мільёнаў рэпрэсаваных», – нагадаў спадар Кузняцоў.

Нягледзячы на гэта, частка грамадства да гэтай пары не хоча і не можа паверыць у паразу ідэалаў Кастрычніка. Відавочна таму Беларусь застаецца адзінаю з усіх былых саюзных рэспублікаў, дзе гэты дзень мае статус дзяржаўнага свята.

Аднак усё болей тых, для каго савецкія сімвалы нічога не значаць. «Нельга забываць, што толькі паводле афіцыйных падлікаў каля 600 тысячаў беларусаў былі рэпрэсаваныя ў перыяд з 1917 да 1939 года, а паводле маіх падлікаў, мы смела можам казаць пра лічбу 2 мільёны. Будучыня, пабудаваная на касцях, ніколі не можа быць светлаю», – падкрэсліў Ігар Кузняцоў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары