Адзначэнне ўгодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менску


Да помніка правадыра сусветнага пралетарыяту прыйшлі каля сотні прыхільнікаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ), якая падтрымлівае курс уладаў.

Сярод іх былі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, у тым ліку Ігар Карпенка і Таццяна Голубева. Пасля ўскладання кветак адбыўся кароткі мітынг. Сябры КПБ гаварылі пра гістарычную важнасць падзеяў 1917 г., пра жаданне будаваць жыццё ў сваёй дзяржаве самастойна, без умяшання звонку, пра тое, што менавіта ў Беларусі ажыццяўляюцца прынцыпы роўнасці і свабоды, абвешчаныя падчас Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Следам за прадстаўнікамі Камуністычнай партыі Беларусі кветкі да помніка Леніну ў Менску ўсклалі сябры грамадскага аб’яднання «За Саюз і Камуністычную партыю Саюзу» (СКПС) і Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў (ВКПБ).

Прыхільнікі ВКПБ прыйшлі на плошчу Незалежнасці з транспарантамі «Няхай жыве Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя!», «Далоў капіталізм!» ды іншымі, а таксама з партрэтамі Леніна і Сталіна.

Выступоўцы на кароткім мітынгу каля помніка клеймавалі імперыялістаў, прайшліся па расейскіх журналістах, «па якіх даўно ўжо плача лесапавал», не абышлі ўвагаю і сацыяльныя праблемы Беларусі.

«У нашай капіталістычнай краіне, – заявіў адзін з лідараў партыі, – для простага народу няма забароны на культурныя імпрэзы, але паглядзіце на цэны – нават у цырк рабочы чалавек звадзіць сваіх дзяцей не можа».

Адзін з юных удзельнікаў акцыі падзяліўся думкамі з журналістамі: «Для мяне гэты дзень азначае вельмі шмат. Што менавіта? Адкрыццё цэлай эпохі ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Гісторыя павінна развівацца, яна не можа стаяць на месцы».

Пажылы мужчына прыйшоў на плошчу з ганаровымі граматамі, якія павесіў на грудзі ў рамцы пад шклом. «Я штогод прыходжу сюды ў дзень 7 лістапада. У маім жыцці няма больш высокага свята, чымся гэтае. Летась я маліўся тут Богу за тое, каб ідэі Леніна прыжываліся ўва ўсіх краінах свету. Серп і молат прыватызаваны, а ў нас не!» – сказаў ён.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі застаецца ў Беларусі дзяржаўным святам і выхадным днём. Віншуючы суайчыннікаў з 94-ю гадавінаю Кастрычніцкай рэвалюцыі, Аляксандр Лукашэнка зазначыў: «Гісторыя зноў і зноў пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікага Кастрычніка – вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці. Імкненне народаў да самавызначэння і незалежнасці на роднай зямлі захаванае нашымі дзядамі і бацькамі падчас замежнай інтэрвенцыі, у трагічны перыяд Вялікай Айчыннай вайны, найцяжэйшыя постсавецкія дзевяностыя гады».

belsat.eu

Стужка навінаў