Галіна Малчанава: Яны хочуць зламаць майго сына


Аляксандр Малчанаў не выйшаў на волю пасля адбыцця адміністратыўнага арышту.

«Калі ў суботу я не дачакалася Сашы дома, то пачала тэлефанаваць у ІЧУ, там мне паведамілі, што ён затрыманы яшчэ на 3 дні паводле падазрэння ў крымінальным злачынстве», – распавяла «Белсату» Галіна Малчанава. Яна гаворыць, што ейнага сына вінавацяць паводле арт. 370 Крымінальнага Кодэксу РБ («Знявага дзяржаўных сімвалаў»).

Як ужо пісаў «Белсат», 26 кастрычніка ў Барысаве нехта заліў фарбаю дзяржаўныя сцягі. Міліцыянты падазраюць, што гэта зрабілі Аляксандр Малчанаў і ягоны сябар Андрэй Нікалаеўскі. Галіна Малчанава мяркуе, што гэтакім чынам спецслужбы помсцяць ейнаму сыну: «Мой Саша адзіны, хто быў з Барысава асуджаны за 19 снежня. Горад у нас невялікі, міліцыянтаў ды КДБ-шнікаў шмат. Вось яны і хочуць выкараніць заразу – зламаць майго сына».

Былога палітвязня Аляксандра Малчанава затрымалі 27 кастрычніка ды асудзілі на 10 дзён адміністратыўнага арышту за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. 6 кастрычніка маладзён мусіў выйсці на волю. Праваабаронцы не выключаюць, што праз псіхалагічны ціск міліцыянты спрабуюць атрымаць ад Малчанава тлумачэнні, неабходныя для следства.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары