Тытул “Міс Свету” заваявала прыгажуня з Венесуэлы


https://youtu.be/QIWcQ-LK7lM
https://youtu.be/RSSeMJafESM
Івіян Саркас атрымала карону пераможцы конкурсу прыгажосці “Міс Свету”, што адбыўся ў Лондане. “Я вельмі шчаслівая. У мяне няма словаў, каб апісаць, якая шчаслівая і што я адчуваю. Тое, што адбылося, даказвае – немагчымага няма”, – падзялілася сваімі ўражаннямі Івіян адразу пасля цырымоніі ўзнагароджвання.

Івіян Саркас стала сіратою ва ўзросце васьмі гадоў. Гадавалася ў манастыры. Доўгі час яна таксама хацела стаць манашкаю, аднак урэшце зрабіла кар’еру мадэлі. Атрымаўшы карону, Міс Свету не здолела стрымаць слёзаў радасці. “Я вельмі моцна расхвалявалася, але адчула і сум, бо мае бацькі не змаглі прысутнічаць тут, я страціла іх у маленстве, – гаворыць Івіян Саркас. – Але я шчаслівая, бо ведаю, што яны на небе глядзяць на мяне, яны мною ганарацца, і яны шчаслівыя”.

Цяпер Івіян Саркас працуе ў адной з венесуэльскіх тэлекампаніяў. Яна гаворыць, што пасля таго, як прыйшла ў мадэльны бізнес і тэлебачанне, ейны свет змяніўся. “Я хадзіла ў школы пры манастыры, і дзякуючы тым людзям, што былі побач са мною, я стала тым, кім я ёсць. Я ніколі раней не марыла стаць пераможцаю конкурсу прыгажосці або мадэлькаю. Не, у маім свеце было ўсё наадварот – не было абцасаў, макіяжу, але бог паставіў мяне на гэты шлях – значыць, таму ёсць прычына”, – гаворыць Івіян.

Другое і трэцяе месцы на конкурсе занялі адпаведна дзяўчаты з Філіпінаў і Пуэрта-Рыка.

Наступны конкурс “Міс Свету” мае адбыцца ў Кітаі.

Цікава, што ўпершыню конкурс “Міс Свету” адбыўся роўна пяцьдзясят гадоў таму і праходзіў таксама ў Лондане.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары