Гомель: ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій


Драўляны чатырохметровы крыж устаноўлены на развілцы лясных дарог непадалёк ад раней устаноўленага ўладамі крыжа “Пакутнікам Беларусі”.
У лесе каля Навабеліцкага раёна Гомеля мясцовыя вернікі і актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, а таксама чальцы кааліцыі “Наша альтэрнатыва” 5 лістапада ўстанавілі крыж у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.
Драўляны чатырохметровы крыж устаноўлены на развілцы лясных дарог непадалёк ад раней устаноўленага ўладамі крыжа “Пакутнікам Беларусі”.
Як паведаміў адзін з удзельнікаў акцыі Алесь Сівакоў, на працягу ўсяго шляху актывістаў суправаджаў аўтамабіль, з якога, магчыма, сачылі. Але перашкод ніхто не рабіў. Актывісты правялі малебен пасля ўстаноўкі крыжа.
“Пакуль ён без апазнавальных знакаў, але з часам мы прымацуем да яго таблічку, на якой будзе сказана, што крыж устаноўлены ў памяць аб нявінна расстраляных у гэтым лесе ахвярах сталінскіх рэпрэсій. Тут дагэтуль пастаянна знаходзяць косці і чарапы закатаваных людзей”, — пракаментаваў Сівакоў.
Акцыя была прымеркавана да бацькоўкай суботы — у гэты дзень праваслаўныя памінаюць памерлых сваякоў. Ужо другі год запар гомельскія актывісты праводзяць падобныя акцыі. Нагадаем, 6 лістапада 2010 года яны пранеслі па цэнтральных вуліцах Гомеля трохметровы драўляны праваслаўны крыж і ўстанавілі яго ў лесе за горадам на месцы масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Праз некалькі дзён невядомыя знеслі крыж, аб чым актывісты паведамілі ў міліцыю. Неўзабаве крыж зноў з’явіўся на ранейшым месцы, дзе стаіць і дагэтуль.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары