5 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень мужчынаў


Сярэднестатыстычнаму беларусу 37 гадоў, ён гараджанін і зарабляе больш за жонку.

Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, паводле стану на 1 студзеня 2011 г. колькасць мужчынаў Беларусі склала 4 млн 408,2 тыс. чалавек, ці 46,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Тры чвэрці мужчынаў – гараджане.

Сярэдні ўзрост беларускіх мужчынаў на пачатак гэтага года склаў 37 гадоў, пры гэтым у мужчынаў, якія жывуць у гарадах і мястэчках, сярэдні ўзрост меншы, чым у мужчынаў, якія жывуць у сельскай мясцовасці (адпаведна 36 і 40 гадоў). Сярэдні ўзрост мужчынаў меншы за сярэдні ўзрост жанчын на 5,2 года. Як патлумачылі ў Белстаце, захоўваецца значная розніца ў працягласці жыцця мужчынаў і жанчын, якая склала ў 2010 г. амаль 12 гадоў (64,6 і 76,5 года). Паводле ацэнкі ПРААН, натуральнаю розніцаю прынята лічыць 5 гадоў. Падобны разрыў абумоўлены дачаснаю смяротнасцю мужчынаў.

На 1000 мужчынаў у краіне прыпадае 1151 жанчына.

Паводле звестак перапісу насельніцтва 2009 г., амаль кожны шосты мужчына мае вышэйшую адукацыю (17,6 % ад агульнай колькасці мужчынаў ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых). За дзесяцігоддзе, што прайшло пасля перапісу насельніцтва 1999 г., колькасць мужчынаў, якія маюць вышэйшую адукацыю, павялічылася на 3,5 %. Аднак жанчын, якія маюць вышэйшую адукацыю, у нашай краіне больш за мужчынаў. На 1000 мужчынаў прыпадае 176 чалавек з вышэйшаю адукацыяй, у той час як на 1000 жанчын – 199, якія маюць вышэйшую адукацыю. Кожны трэці мужчына (1 млн 437,9 тыс. чалавек) мае сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Мужчыны пераважаюць у такіх сферах, як прамысловасць; сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка; гандаль аўтамабілямі ды матацыкламі, іх тэхнічнае абслугоўванне і рамонт; транспарт; рыбалоўства, рыбагадоўля; будаўніцтва (ад 55,7 да 82,2 % ад агульнай колькасці працаўнікоў арганізацыяў адпаведнага віду эканамічнай дзейнасці).

У агульнай колькасці рабочых пераважаюць мужчыны (56,5 %), а ў агульнай колькасці службоўцаў – жанчыны (67,9 %). Аднак сярод службоўцаў большасць кіраўнікоў – мужчыны (53,2%).

У Белстаце адзначылі, што традыцыйна на працягу шэрагу гадоў сярэдні заробак мужчынаў у Беларусі перавышае зарплату жанчын. Гэтак, у снежні 2010 г. намінальны налічаны сярэдні заробак мужчынаў перавысіў заробак жанчын на 13,1 %.

belsat.eu

Стужка навінаў