«Міністру ўнутраных справаў трэба забыць такія паняцці, як «прыстойна» і «непрыстойна»


Лукашэнка чакае ад Камітэту дзяржаўнай бяспекі “канкрэтных дзеянняў”, а Міністэрства ўнутраных справаў заклікаў рэагаваць “жорстка і прынцыпова”.

Аляксандр Лукашэнка чакае ад КДБ канкрэтных дзеянняў. Пра гэта ён заявіў 4 лістапада на Гожскім палігоне паблізу Горадні, падводзячы вынікі камандна-штабных вучэнняў. “Хачу проста сказаць: КДБ зашмат правярае, кантралюе, аналізуе і інфармуе. Я чакаю ад вас канкрэтных дзеянняў”, – цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Кіраўнік Беларусі даручыў КДБ “скарэктаваць падыходы да ацэнкі ды кантролю развіцця ў краіне сацыяльна-палітычнай і эканамічнай сітуацыі дзеля павышэння аператыўнасці інфармацыйнага забеспячэння”, – паведамляе прэс-служба.

У сваю чаргу ад Міністэрства ўнутраных справаў Лукашэнка запатрабаваў “выкарыстоўваць усе наяўныя магчымасці дзеля ўжывання комплексу аператыўных, тэхнічных ды іншых мерапрыемстваў для выяўлення, спынення дзейнасці экстрэмісцкіх груповак і асобаў, якія падрываюць стабільнасць у грамадстве, ствараюць пагрозу грамадскай бяспецы і правапарадку”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Міністру ўнутраных справаў трэба забыць такія паняцці, як “прыстойна”, “непрыстойна”, як на нас паглядзяць, як нас ацэняць – каб кепска пра нас не напісалі ды не сказалі. Гэта не клопат міністра ўнутраных справаў. Гэта справа палітыкаў. А вашая справа – жорстка і прынцыпова рэагаваць на любыя дзеянні, – падкрэсліў Лукашэнка. – А то ў нас, пачынаючы ад участковага да суддзі, усе сталі палітыкамі. Вось мы б зрабілі захады – але мы не ведаем, якая будзе на гэта рэакцыя міжнароднай грамадскасці. Што гэта за лухта такая? Вы ў мяне, калі ласка, не забірайце мае функцыі ды паўнамоцтвы. Гэта я буду потым разбірацца, як будзе рэагаваць міжнародная грамадскасць. Вашая задача – дзеяць строга ў адпаведнасці з законам і логікаю развіцця нашага грамадства”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары