Валерый Костка ў «Гарачым каментары»


Пасля зацвярджэння нашумелых зменаў у заканадаўстве, якія замацоўваюць за КДБ неафіцыйную дагэтуль ўсёдазволенасць, мінула зусім няшмат часу. Аднак улады працягваюць заціскаць правы і свабоды грамадзянаў – нібыта дзеля недапушчэння дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Гэтым разам Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра змаганне за моладзь – падкрэсліўшы, што ў гэтым змаганні перамога мусіць быць дасягнутая сілавікамі, не зважаючы на прыстойнасць або непрыстойнасць метадаў.

Нядаўна разгарэўся чарговы скандал вакол беларускага КДБ.

18-гадовы Максім Чарняўскі навучаўся на другім курсе факультэту журналістыкі БДУ, быў стваральнікам групы “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте”. Сёлета 13 чэрвеня ён быў запрошаны ў КДБ – нібыта на “прафілактычную гутарку”, а насамрэч – на 5-гадзінны допыт, які вялі чатыры працаўнікі дзяржбяспекі. Пад ціскам юнак вымушаны быў падпісаць дамову аб супрацы. Цяпер усе кантакты з КДБ Максім разарваў і выклаў у інтэрнэт здымкі працаўніка спецслужбаў “куратара Дзімы”, які яго вербаваў, а таксама аўдыёзапіс размовы.

“Не трэба занадта хвалявацца наконт вярбовак, бо спецслужбы ўсяго свету вербавалі, вярбуюць і будуць вербаваць. Як у хірурга – скальпель, так у спецслужбаў – вярбоўка. Тут страшнага нічога няма”, – кажа былы афіцэр КДБ Валерый Костка.

На ягоны погляд, ненармальна тое, што ў Беларусі спецслужбы чарговы раз “праколваюцца” на гэтых вярбоўках.

“Аб’ектыўны аргумент тут вельмі просты – калі спецслужбы працуюць на грамадзяніна, на грамадства і на дзяржаву ў цэлым, тады дапамога грамадзянаў спецслужбам – гэта нармальная з’ява, і тут няма маральных супярэчнасцяў. Але калі спецслужбы працуюць на канкрэтную асобу або групу, то атрымліваецца маральная супярэчнасць: чалавек, які змагаецца з рэжымам, вымушаны працаваць супраць Беларусі на карысць рэжыму. Гэтыя праколы былі, ёсць, і чым далей мы будзем ісці, тым больш гэтых праколаў будзе. Не кожны патрыёт, завербаваны спецслужбамі, можа вытрымаць такі маральны ціск”, – дадае адмысловец.

Метады спецслужбаў выкарыстоўваюцца супраць народу, што незаконна і амаральна, мяркуе спадар Костка. Галоўны крытэр законнасці – Канстытуцыя, а тое, што было прынята супраць яе, а менавіта змены ў заканадаўстве, якія даюць неабмежаваныя паўнамоцтвы КДБ, – антызаконна і ёсць толькі фармальнаю падставаю для парушэнняў. На думку Валерыя Косткі, усё зменіцца толькі пасля змены ўладаў. Тое, што можна зрабіць цяпер, – гэта фіксаваць парушэнні правоў і яднаць сілы ў барацьбе за Канстытуцыю.

belsat.eu

Стужка навінаў