Неанацысты і нацыяналісты правялі ў некалькіх расейскіх гарадах шэсці з нагоды Дня народнага адзінства.
У маскоўскай акцыі “Русский марш” удзельнічалі каля 7000 чалавек. Праўда, паводле арганізатараў, на марш з’явіліся прынамсі 25 000 чалавек. Удзельнікі нацыяналістычнага шэсця прайшлі калонаю па вуліцы Пярэрва ў раёне Любліно. Дарога была перакрытая.
Марш нацыяналістаў ачольвалі прадстаўнікі кіраўніцтва руху “Русские” Аляксандр Бялоў і Дзмітрый Дземушкін, юрыст Аляксей Навальны і лідары розных нацыяналістычных арганізацыяў. На пачатку калоны таксама ішлі праваслаўныя харугваносцы з крыжамі ды абразамі.
За імі ўдзельнікі акцыі “Русский марш” неслі вялікі чорна-жоўта-белы сцяг. У калоне прысутнічалі людзі ў славянскіх строях, якія спявалі прыпеўкі, у тым ліку антысеміцкія.
У натоўпе скандавалі лозунгі “Расея для рускіх”, “Улада белым”, “Хопіць карміць Каўказ” ды іншыя. Найбольш радыкальныя нацыяналісты ішлі ў канцы калоны.
Пры канцы акцыі арганізатары заклікалі сваіх прыхільнікаў сабрацца ў дзень выбараў, 4 снежня, у цэнтры Масквы на плошчы Рэвалюцыі.
Падобныя маршы прайшлі ў шэрагу іншых расейскіх гарадоў.
У Іркуцку, паводле арганізатараў, на акцыю прыйшлі прыкладна 700 чалавек. Міліцыя ж ацэньвае колькасць на 200 удзельнікаў.
Самарскі “Русский марш” сабраў каля 400 прыхільнікаў, прыкладна столькі ж прыйшлі на акцыі ў Калінінградзе, Саратаве і Краснадары. У шэрагу гарадоў акцыя не адбылася зусім.
belsat.eu