«Балаганчык» у Менску


У выстаўнай зале Менскага абласнога цэнтру народнай творчасці адбылося адкрыццё выставы аўтарскіх лялек і цацак “Балаганчык”. Прыкладна 50 прызнаных майстроў лялечнага мастацтва прэзентавалі гледачам больш за 200 твораў.

У межах выставы пры падтрыманні Японскага культурнага цэнтру арганізаваны ўнікальны выстаўны праект “Японская шкатулка” – экспазіцыя класічных японскіх лялек і цацак і конкурс працаў мастакоў-лялечнікаў на тэму Японіі. Пераможца конкурсу будзе вызначаны Японскім культурным цэнтрам і адзначаны дыпломам.

“Акрамя гэтага на выставе паказаныя новыя працы, зробленыя за гэты год. Тэматыка разнастайная. Тут ёсць і эльфы, і дамавікі, бабы-ёгі, прыгажуні, кавалеры, гістарычныя персанажы, і калекцыйныя цацкі – мішкі Тэдзі”, – распавяла куратарка выставы, кіраўніца “Майстэрні аўтарскай лялькі” Ірына Ражко.

Паводле яе, мэта выставы – папулярызаваць такі кірунак у мастацтве, як аўтарская лялька. “Гэта лялькі для дарослых, не гульнявыя. Гэта арт-аб’екты для тых, хто ў добрым сэнсе затрымаўся ў дзяцінстве”, – адзначыла Ражко.

“Тэхнічна працаваць складана, парцаляна – капрызная тэхналогія, – кажа ўдзельніца выставы Марына Капілава. – Мая праца – 13 чалавек, картавая талля. Яны адна сям’я, адна тэатральная трупа. Гэта тэатр, які гуляе ў карты. Кожны спектакль, які яны паказваюць, унікальны, бо ніхто ніколі не ведае, якія карты каму выпадуць”.

belsat.eu

Стужка навінаў