Праваабаронцы пра суд над Алесем Бяляцкім


Калегі вядомага праваабаронцы заяўляюць, што суд не абцяжарвае сябе даследаваннем доказаў, якія, паводле калегаў Бяляцкага, былі здабытыя непрацэсуальным шляхам.

“Ёсць набор пэўных звестак, якія органы папярэдняга следства і суд спрабуюць разглядаць як доказы. Хоць доказная база ў справе адсутнічае”, – заяўляе Гары Паганяйла.

Паводле яго, размовы пра нармальны судовы працэс, у якім абставіны нібыта ўчыненага Бяляцкім злачынства даследуюцца аб’ектыўна і поўна, не ідзе. “Адбываецца судзілішча, палітычна матываваная гульня. Яе канец загадзя вырашаны і вядомы. Гэта тры з паловаю гады рэальнага пазбаўлення волі. Дзеля гэтага задумвалася гульня на запалохванне актывістаў праваабарончай супольнасці ды ў цэлым актывістаў грамадзянскай супольнасці. Гэтая гульня скіраваная на тое, каб спыніць усялякія дзеянні, звязаныя з паступленнем у Беларусь матэрыяльных сродкаў дзеля арганізацыі ўсялякіх грамадзянскіх ініцыятываў. Гэта мусіць адыграць сваю ролю і для ўнутранай грамадскасці, і для вонкавай”, – заявіў праваабаронца.

Ён выказаў здзіўленне ў сувязі з тым, што Бяляцкага абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, а не ў дзеяннях ад імя незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі. На думку Паганяйлы, улады Беларусі паводзяць сябе неадназначна.

“Праваабарончыя арганізацыі дзеюць адкрыта. Алесь выразна тлумачыць свае дзеянні, дзеянні сваёй арганізацыі, дзеянні міжнародных фондаў, якія аказваюць дапамогу Беларусі. Ён гаворыць пра тыя мэты, на якія выдаткоўваюцца гэтыя матэрыяльныя сродкі. Зразумела, Захад не толькі маральна, але і матэрыяльна падтрымлівае рэпрэсаваных у Беларусі. Шмат хто звольнены з працы, адлічаны з вучобы і не мае сродкаў да існавання. Ахвяраванні не маюць узгадняцца ні з якімі органамі ўлады – такія нашыя законы. Але пра гэта ж ніхто не гаворыць. Яны спрабуюць даказаць, што гэта даходы”, – адзначыў Паганяйла.

З калегам згодны і праваабаронца Валянцін Стэфановіч: “Доказная база абвінавачання, мне падаецца, досыць слабая. У матэрыялах справы вельмі шмат дакументаў, якія былі здабытыя не Дэпартаментам фінансавых расследаванняў (ДФР), а Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, непрацэсуальным шляхам. Гэта фотакопіі нейкіх папераў, дакументы без перакладу, якія былі знятыя нейкім чынам з камп’ютара. Сярод дакументаў ДФР, з якімі працавалі падчас следства, шмат што не перакладзена належна. Ну, і паказанні ўчорашніх сведкаў – прадстаўнікоў падатковай інспекцыі – таксама не ўпэўнілі мяне, што ёсць рацыя ў следства, што падатак мусіў быць выплачаны з гэтай сумы”.

Паводле Стэфановіча, у цяперашняй сітуацыі ў Беларусі праваабаронцы вымушаныя працаваць такім паўпадпольным чынам. “Тое, што адбылося з Алесем, – кажа ён, – гэта працяг той скіраванай сістэматычнай палітыкі ўладаў у дачыненні грамадскіх арганізацыяў. Спробы маргіналізацыі праваабарончых арганізацыяў, выпіхванне іх у нелегальнае поле праз пазбаўленне рэгістрацыі, адмаўленне ў рэгістрацыі. З 2003 г. у Беларусі не зарэгістравана ніводнай праваабарончай арганізацыі”.

“Я спадзяюся, што Алесь хутка будзе з намі, – гаворыць Стэфановіч. – Але нават калі яго ізалююць, нашая дзейнасць будзе працягвацца. Спробы ўладаў знішчыць праваабарончы цэнтр “Вясна” пакуль што не мелі – і не будуць мець – поспеху”.

belsat.eu

Стужка навінаў