Працоўных прымушаюць ускладаць кветкі Леніну


Па ўсёй краіне праходзяць імпрэзы ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Як стала вядома «Белсату», Берасцейскі аблвыканкам зацвердзіў графік ускладання кветак помнікам і бюстам Леніна па рэгіёне. Мясцовыя ідэолагі вызначаюць прадстаўнікоў ад арганізацыяў і прадпрыемстваў, якія мусяць у гэтым удзельнічаць.

Разам з імі пакланіцца Леніну выйдуць і ветэраны. «На завод прыйшла папера за подпісам старшыні аддзелу ідэалогіі Старыцкага пра тое, што кіраўніцтва прадпрыемства 4 кастрычніка павінна вылучыць працаўнікоў для ўскладання кветак помніку-бюсту Леніна на Прывакзальнай плошчы, – кажа супрацоўнік цукровага заводу ў Жабінцы. – Калі працоўныя пачалі адмаўляцца, сказалі, што пойдуць тыя, хто мае дысцыплінарныя парушэнні».

Прадстаўнікі камуністычных партыяў адзначаць 94-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ўскладаннем кветак Леніну на плошчы Незалежнасці ў Менску, а таксама іншым камуністычным дзеячам: Калініну, Кіраву, Свярдлову. Заявак на пікеты і акцыі ніводная з партыяў не падавала.

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і гісторык Алег Трусаў мяркуе, што пра падзеі 1917 г. трэба памятаць, бо яны сапраўды змянілі ўвесь свет, аднак святкаваць 7 лістапада на дзяржаўным узроўні няварта. «Што датычыць помнікаў Леніну, якія сёння стаяць, бадай, у кожным нашым горадзе, то я прапаноўваю сабраць іх у адным месцы і зрабіць музей савецкага перыяду паводле прыкладу літоўцаў. Ужо колькі гадоў у іх у парку «Грутас» ля Друскінінкаю стаяць на адной пляцоўцы Леніны, Сталіны, Дзяржынскія. Яны нават развілі з гэтай нагоды міжнародны турызм, яшчэ і грошы зарабляюць!» – кажа эксперт.

На ягоную думку, такі музей мог бы ўзнікнуць непадалёку Курапатаў пад Менскам. «Каб людзі, як кажуць, бачылі, хто ствараў СССР і што з гэтага атрымалася», – кажа спадар Трусаў, узгадваючы помнік ахвярам сталінізму.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары