Жарт, які мог каштаваць жыцця


Парыжскія мусульмане падпалілі рэдакцыю сатырычнага часопісу “Charlie Hebdo” пасля таго, як у адным з яго апошніх нумароў на вокладцы была намаляваная карыкатура на прарока Мугамэда.

Як паведамляе паліцыя, падпал адбыўся ўначы. Злачынцы разбілі акно і закінулі ў будынак “кактэйль Молатава”. У выніку пажару ніхто не пацярпеў.

“Сцены засталіся, але няма электраэнергіі, няма кампутараў, няма нічога, каб выдаваць газету, нармальную газету, нармальную публікацыю, – кажа рэдактар Стэфан Шарбанье. – Гэтыя людзі адрэагавалі вельмі жорстка на нумар, які яшчэ нават не з’явіўся, нават яшчэ не выйшаў у свет, ніхто яго яшчэ не бачыў, толькі на падставе чутак ці… Мы не ведаем, у іх толькі з’явілася гэтая ідэя – і вось вынік”.

Таксама ў ноч з 1 на 2 лістапада хакеры атакавалі сайт часопісу.

“Сто ўдараў пугаю, калі не памрэш са смеху”, – казаў Мугамэд, намаляваны на вокладцы тыднёвіка.

Нягледзячы на падпал рэдакцыі “Charlie Hebdo”, у свет выйшаў чарговы нумар часопісу з тою ж карыкатураю на Мугамэда. Журналістаў, часова пазбаўленых рэдакцыі, прытуліла выданне “Libération”.

“Гэта даніна павагі – мы ўзялі ў каманду “Charlie Hebdo”, пакуль яны не знойдуць новага месца. Так што гэты жэст – спроба паказаць, што мы салідарныя з імі”, – гаворыць галоўны рэдактар “Libération” Франсўа Сэржан.

Публікацыя “Charlie Hebdo” была прысвечаная нядаўнім парламенцкім выбарам у Тунісе, дзе перамаглі ісламісты, і прыняццю законаў шарыяту ў Лівіі.

З гэтай нагоды знаная сваім саркастычным гумарам газета была часова пераназваная ў “Charia Hebdo” (“charia” ў перакладзе з французскай – “шарыят”), а сваім галоўным рэдактарам назвала прарока Мугамэда.

У сваю чаргу прадстаўнік мусульманскай грамады ў Францыі Даліль Бубакёр адмаўляе датычнасць сваіх прыхаджанаў да інцыдэнту: “Я па-ранейшаму з асцярогаю стаўлюся да ўсіх сцверджанняў, якія тычацца крымінальных абвінавачанняў, і я настойваю на тым, што ў нашых дзеяннях няма ніякай двухсэнсоўнасці. І мы рашуча асуджаем любыя праявы гвалту або спробы абмежаваць свабоду прэсы”.

“Charlie Hebdo” не ўпершыню друкуе карыкатуры на Мугамэда. У 2006 г. тыднёвік змясціў на сваіх старонках выяву прарока з дацкай газеты “Jyllands-Posten”.

Мусульмане вельмі бурна рэагуюць на карыкатуры на прарока, бо гэта недапушчальна паводле Карану. У Францыі жыве найбольшая колькасць мусульманаў у Еўропе – 5 млн з агульнай колькасці насельніцтва 65 млн чалавек.

belsat.eu

https://youtu.be/RjRQI9m69P8

Глядзі таксама
Каментары