Уладзімір Барадач у «Гарачым каментары»


Сёння ў сталічным Доме правасуддзя завершанае судовае следства паводле, без перабольшання, самай гучнай справы з гісторыі нашай краіны – справы Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Нарадзінцы Віцебску абвінавачваюцца ў здзяйсненні цэлага шэрагу тэрактаў, апошні з якіх – выбух у сталічным метрапалітэне сёлета 11 красавіка – забраў жыцці пятнаццаці чалавек. Працэс працягнецца 14 лістапада, у гэты дзень у судзе распачнуцца спрэчкі бакоў.

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі затрыманыя практычна адразу пасля выбуху ў сталічным метро. Ужо праз два дні пасля трагедыі, 13 красавіка, кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне злачынцаў і прызнанне імі сваёй віны. Пры гэтым затрыманыя бралі на сябе адказнасць не толькі за выбух у метро, але і за іншыя: у 2008 г. у Менску на Дзень Незалежнасці ды ранейшыя выбухі ў Віцебску. Першае судовае паседжанне ў справе Канавалава і Кавалёва адбылося 15 верасня. Тым часам шматлікія супярэчнасці, дапушчаныя следствам, спрычыніліся да таго, што недавер да афіцыйнай версіі крымінальнай справы выказалі не толькі незалежныя эксперты, але і шмат пацярпелых ад тэракту.

Паводле былога палкоўніка вайсковага спецназу Уладзіміра Барадача, не можа нават ісці гаворкі пра аб’ектыўнае і поўнае следства ў справе тэракту.

“Ад самага пачатку ў следства ўмяшаліся першыя асобы дзяржавы – прычым кіраўнікі асноўных структураў і службаў, ад якіх непасрэдна і працавалі следчыя органы. Відавочна, што яны ўсім акрэслівалі кірунак, у якім мае ісці следства”, – кажа былы вайсковец.

На карысць такога меркавання сведчыць нядаўняя ўзнагарода Лукашэнкам следчай групы, якая і выйшла на Кавалёва і Канавалава. Следства яшчэ далёкае ад завяршэння, аднак службоўцы ўжо атрымалі ўзнагароды.

“З вельмі надзейных крыніцаў мне ўжо вядома, якія былі інструкцыі для следчых органаў. Перадусім рэкамендуюць асудзіць на смяротнае пакаранне Канавала, а Кавалёву даць пажыццёвы тэрмін. І цяпер суддзя ў вельмі складанай сітуацыі: ён страціў ужо каля пятнаццаці кілаграмаў вагі, ссівеў, і цяпер сярод сваіх знаёмцаў ён апраўдвае вынясенне такога прысуду. Ён кажа, што ўпэўнены ва ўдзеле Канавалава ў гэтым злачынстве. Гэта, вядома, так – але не даказана, якую менавіта ролю ён у ім адыграў”, – кажа спадар Барадач.

Падпісваючы смяротны прысуд для Канавалава, суддзя мусіць разумець, што пазбаўляе следства асноўнага сведкі. Паводле Уладзіміра Барадача, Кавалёва ў турме знішчаць фізічна, і пасля гэтага мы можам ніколі не даведацца праўды пра тэракт.

belsat.eu
https://youtu.be/Qwf6xYvoq9M

Глядзі таксама
Каментары