Маскалевіч: Хмарачосы ў цэнтры – ні ў якім разе!


Падчас ІХ Нацыянальнага фестывалю архітэктуры “Менск-2011” свае найлепшыя праекты прэзентуюць беларускія і замежныя архітэктары. Адно з асноўных пытанняў – пабудова шматпавярховікаў у цэнтры сталіцы.

Прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры, акадэмік Расейскай акадэміі культуры і будаўнічых навук Леанід Маскалевіч некаторымі планамі беларускіх архітэктараў не задаволены. На ягоную думку, ні ў якім выпадку нельга дапускаць будавання хмарачосаў у цэнтры гораду.

“У Менску ёсць цэнтр гораду, які ўвайшоў у энцыклапедыю сусветнай архітэктуры ХХ ст. А ўчастак нашага галоўнага праспекту ад пл. Незалежнасці да пл. Перамогі ўключна ЮНЕСКО занесла ў збор помнікаў сусветнай архітэктуры. Мы мусім гэта захаваць. Шматпавярховікі ў цэнтры Менску недапушчальныя. Яны маюць вырастаць бліжэй да ўскраінаў гораду, у месцах скрыжавання асноўных магістраляў і кальцавой. Не дай Бог гэткае здарыцца – хмарачос замест музею гісторыі Вялікай айчыннай вайны! Хто яго паставіць, той і прыбіраць будзе!” – абураецца Маскалевіч.

ІХ Нацыянальны фестываль архітэктуры “Менск-2011” адбываецца з 3 да 5 лістапада ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі на вул. Казлова, 3. У праграму ўваходзяць конкурсы, семінары, прэзентацыі фірмаў і праектных прадпрыемстваў, майстар-класы лідараў еўрапейскай архітэктуры, а таксама імпрэзы, прысвечаныя гістарычна-культурнай спадчыне.

belsat.eu
https://youtu.be/iimB2SeIgAU

Глядзі таксама
Каментары