Наш адказ крызісу: Боты ў растэрмінаванне


У Менску стала папулярнаю паслуга “абутак у растэрмінаванне”, якую прапаноўвае адна са сталічных гандлёвых сетак.

Заплаціць за новую пару ботаў можна цягам шасці месяцаў з мінімальным адсоткам – 0,01 %. Паслугаю могуць скарыстацца грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 21 да 62 гадоў, даведкі аб прыбытках падаваць не трэба.

Эканаміст Антон Балточка тлумачыць такія захады жаданнем гандляроў забяспечыць продаж тавару, які інакш можа праляжаць на складзе. Што ж датычыць насельніцтва, дык растэрмінаванне наўрад ці выратуе ад крызісу. Эканаміст параўноўвае такую сістэму продажаў з карткаваю сістэмаю ў Савецкім Саюзе, і мяркуе, што гэта сведчыць пра неэфектыўнасць грашова-крэдытнай палітыкі.

Мы запыталіся ў менчукоў, што яны думаюць пра новую паслугу.

Спадарыня: “У кожнага свой выбар: нехта любіць пад’есці, нехта – убрацца прыгожа”.

Спадарыня: “Думаю, добрая магчымасць. Бо сённяшняя сітуацыя эканамічная такая – або хадзіць у леташнім абутку, які ўжо, магчыма, не найлепшай якасці, або ў новым. Чалавек мае права выбіраць заўсёды”.

Спадарыня: “Я нічога не чула пра гэта, я нічога не ведаю ўвогуле”.

Спадарыня: “Не ведаю, ці гэта праўда, але чула, што ёсць ужо і на ежу – людзі заходзяць у краму, афармляюць замову і могуць набыць у растэрмінаванне, у крэдыт тавар. Ну гэта жахліва, канечне, калі у краіне такая сітуацыя, што самае неабходнае трэба набываць у крэдыт”.

Спадар: “Ну гэта вельмі кепская ідэя, вы што! Насіць абутак, а потым плаціць за яго. За месяц ён разваліцца, а потым – расплачвайся, гарантыяў ніякіх у нас. Гэта ж не побытавая тэхніка”.

Спадарыня: “Можна ж на рынку набыць танней”.

belsat.eu

Стужка навінаў