Гары Паганяйла: Улады вырашылі пакараць праваабаронцу


Міністэрства юстыцыі Літвы анулявала звесткі аб рахунках Алеся Бяляцкага, што былі перададзеныя ўладам Беларусі на падставе дамовы аб прававой дапамозе.

Беларускі бок быў афіцыйна паінфармаваны яшчэ каля двух месяцаў таму, што гэтыя звесткі не могуць выкарыстоўвацца ў судзе як юрыдычны доказ віны праваабаронцы, заявіў міністр юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус.

Як патлумачыў “Белсату” прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла, суд мусяць прыняць да ўвагі гэты дакумент і вырашыць, ці лічыць яго доказам у справе. Аднак, як зазначае праваабаронца, назіраючы за працэсам, ён прыйшоў да высновы, што ўлады плануюць пакараць Алеся Бяляцкага.

“Следства, а сёння і суд не маюць дакладных і дастатковых доказаў абвінавачання, высунутага Алесю Бяляцкаму. Няма доказаў таго, што грошы былі асабістым прыбыткам праваабаронцы і таму абкладаюцца падаткам”, – зазначае Гары Паганяйла. Ён мяркуе, што ніякага следства ў справе Бяляцкага не было – следчым органам хапіла звестак пра наяўнасць рахункаў у праваабаронцы, каб выставіць яму абвінавачанне.

Юрыст падкрэслівае, што даказваць віну падсуднага мусіць дзяржава, аднак на судовым працэсе тлумачэнняў пра грошы і пра тое, куды яны ішлі, патрабуюць менавіта з абвінавачанага.

У тым, што суд над Алесем Бяляцкім будзе справядлівым, сумняваюцца і міжнародныя праваабаронцы. У высновах, што зрабіла Міжнародная назіральная місія паводле вынікаў першага дня судовага паседжання, адзначаюцца факты ціску на абвінавачанага з боку пракуратуры ды ігнараванне судом прынцыповых хадайніцтваў абароны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары