Дні цвярозасці ўсё часцейшыя, але і «чарнілаў» не менее


Гэтак насельніцтва рэагуе на абяцанне ўладаў забараніць продаж таннага алкаголю.

Дні цвярозасці – адзін з асноўных спосабаў змагання з алкагалізмам у Беларусі. Летась з ініцыятывы губернатара Менскай вобласці Барыса Батуры пладова-ягаднае віно забаранілі прадаваць на Случчыне. Такія самыя акцыі праходзілі ў Старых Дарогах, Лагойску, Ваўкавыску. У некаторых гарадах прапаноўваецца часткова прыпыніць продаж алкаголю – не прадаваць спіртное падчас абеднага перапынку ў Бабруйску і Магілёве.

“Праблема ў тым, што калі раней пакупнікі проста бралі віно ў любы час і сыходзілі, то цяпер яны прыходзяць у дазволены час і ствараюць чэргі, – паведаміла працаўніца магілёўскага “Еўраопту” Паліна Сяткова. – Я мяркую, што трэба зняць часовыя абмежаванні, бо гэтыя забароны могуць прывесці толькі да павелічэння пунктаў несанкцыянаванага продажу. Трэба або цалкам спыніць продаж таннага віна, або дазволіць яго”.

У прэсавай службе Міністэрства гандлю заявілі, што падлікаў, наколькі менш рэалізавана пладова-ягаднага віна, яны не вядуць. Аднак вядома, што прадпрыемствы вырабу таннага віна працуюць на поўную моц. Дырэктар ААТ “Наваградскі вінзавод” Алег Жарнок адзначыў: “За першае паўгоддзе гэтага года мы вырабілі прадукцыі амаль на 8 млрд руб., што складае 108,9 % ад аналагічнага перыяду летась”.

belsat.eu

Стужка навінаў