Эксперты: Тое, што зрабіў Лукашэнка, практыкавалася ў часы вайны


Кіраўнік Беларусі прысвоіў званні генерал-маёраў губернатарам абласцей і мэру Менску.

Рашэнне галоўнакамандуючы Беларусі абгрунтаваў тым, што яны таксама кіруюць урадамі абароны сваіх рэгіёнаў. У прыватнасці, звяртаючыся да мэра Менску Мікалая Ладуцькі, Лукашэнка папярэдзіў, што той цяпер «галавой адказвае за тэрытарыяльную абарону». А таксама даў наказ штогод праводзіць вучэнні па абароне на базе аднаго з раёнаў сталіцы.

Як тлумачыць экс-міністр абароны Павал Казлоўскі, тэрытарыяльная абарона звычайна адыгрывала важную ролю ў часы вайны. «Выканкамы, прадпрыемствы, арганізацыі ды ўстановы павінны добра ведаць, што ім рабіць у гэтай надзвычайнай сітуацыі. І гэта практыка цалкам нармальная і выкарыстоўваецца ў шмат якіх краінах. Дрэнна, калі ўсё гэта пераўтвараецца ў нейкі фарс», – зазначае былы міністр абароны. Ён дадае, што яму нават складана прадказаць, да якой пагрозы рыхтуецца беларускі галоўнакамандуючы.

«Гэта сведчыць пра нейкую неадэкватную мілітарызацыю свядомасці ўсёй кіроўнай верхавіны краіны. Зразумела, што заходняя пагроза – гэта прапагандысцкі міф, ніякія орды НАТО не ірвуцца ў нашую краіну. Хутчэй за ўсё, тут спрацоўваюць фобіі, выкліканыя «арабскаю вясною» ды тўітэр-рэвалюцыямі», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Разам з тым, дадае эксперт, памкненне да ваенізацыі грамадзянскага і гаспадарчага жыцця – гэта яшчэ адна падстава нагадаць працаўнікам «вертыкалі», што яны павінны выконваць загады зверху без усялякіх разважанняў і дыскусіяў. Аднак на карысць гэта не пойдзе, упэўнены Аляксандр Класкоўскі: «Беларуская ўлада і так цалкам адарваная ад рэальнасці, а гэтым яна пазбавіць сябе ўсялякай адваротнай сувязі».

belsat.eu

Стужка навінаў