Чыноўнік: Беларусаў нельга прымушаць, каб яны аплачвалі «камуналку» загадзя


Паводле прадстаўніка міністэрства ЖКГ, гэта траўмуе псіхіку спажыўцоў.

Як паведаміў кіраўнік аддзелу бухгалтарскага ўліку і фінансаў Міністэрства ЖКГ Андрэй Чэкан, за 9 месяцаў бягучага года беларусы не даплацілі за камунальныя паслугі 32 млрд руб. Пры гэтым з 22 тыс. рахункаў грошы не паступалі болей за год.

Лідары ў пазыках – Віцебская і Магілёўская вобласці. Яны вінныя 6 і 5,8 млрд руб. адпаведна.

Старшыня таварыства ўласнікаў «Агмень» Генадзь Калёнаў бачыць праблему з пазыкамі ў наступным: «Міністэрства ЖКГ аказвае паслугі насельніцтву ў крэдыт, то бок спажывец плаціць за «камуналку» вераснёўскую не загадзя, у жніўні, а праз паўтара месяца – у кастрычніку. Што атрымліваем у выніку? Разбэшчанасць, пратэрміноўванне выплатаў, і як вынік, у ЖРЭУ няма грошай у запасе на бягучыя рамонты, на замену абсталявання».

У таварыствах уласнікаў даўно перайшлі на папярэднюю аплату, а вось дзяржаўныя структуры на гэта не ідуць. «Мы не можам сёння рэзка перайсці на папярэднюю аплату. Так, для нас гэта было б больш прыбыткова і стабільна, але людзі будуць скардзіцца, бо яны ўсё жыццё прывыклі плаціць 20-га дня наступнага месяца. Мы не хочам траўмаваць псіхіку нашых кліентаў і напаляць абстаноўку ў грамадстве, тым больш перад выбарамі», – заявіў Андрэй Чэкан.

belsat.eu

Стужка навінаў