Канстытуцыйны суд не супраць


Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў законнымі папраўкі ў закон аб масавых акцыях і законы, што рэгулююць грамадска-палітычную дзейнасць. Як паведамляе інтэрнэт-сайт Канстытуцыйнага суда, адпаведнае рашэнне суд прыняў 28 кастрычніка. Законапраекты разглядаліся «ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю».

Па выніках разгляду іх прызналі адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. «Разам з тым Канстытуцыйны суд сфармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўдакладненне канстытуцыйна-прававога сэнсу некаторых нормаў гэтых законаў», – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, законапраекты, якія робяць больш жорсткімі правілы правядзення масавых акцыяў, а таксама ўмовы для дзейнасці палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, былі прынятыя Палатаю прадстаўнікоў 3 кастрычніка адразу ў двух чытаннях на закрытым для журналістаў пасяджэнні. Верхняя палата парламенту ўхваліла дакументы 21 кастрычніка.

Прыняцце гэтых дакументаў выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Лідары беларускіх НДА і праваабаронцы ў супольнай заяве заклікалі ўлады адмяніць рэпрэсіўныя законапраекты.

На меркаванне актывістаў, папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» «парушаюць правы грамадзянаў на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй Беларусі, так і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзяць адміністратыўную адказнасць грамадзянаў за нявінныя дзеянні і бяздзейнасць».

belsat.eu

Стужка навінаў