Суд над Алесем Бяляцкім. Другі дзень (Абноўлена)


https://youtu.be/Nk23p4bWbtY
Працягваецца разгляд крымінальнай справы супраць беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. На сёння запланаваны допыт сведак. Бяляцкаму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Слуханні аднавіліся са спазненнем на сорак хвілінаў. У суд выкліканы сведка – беларускі праваабаронца Барыс Звозскаў. Ён заявіў, што раней меў рахунак у Літве, аднак сем гадоў таму яго закрыў. Цяпер Звозскаў на пенсіі, хварэе і не атрымліваў ніякіх сродкаў з рахунку Алеся Бяляцкага.

Пракурор Сайкоўскі знайшоў у матэрыялах справы дакументы, згодна з якімі Звозскаў атрымаў з замежных рахункаў Бяляцкага перавод на 8000 еўраў. Аднак сведка заявіў, што такога пераводу не атрымліваў. Гэтыя звесткі Звозскаў лічыць сфабрыкаванымі.

Сведка Андрэй Палуда, праваабаронца з Бялынічаў, заявіў, што знаёмы з Бяляцкім і атрымліваў ад яго грошы на праваабарончую дзейнасць. Пра ўсе атрыманыя сродкі ён пісаў справаздачы, але гэтыя грошы не былі прыбыткам ні яго, ні Бяляцкага, падкрэсліў сведка. На большасць пытанняў пракурора Палуда адказваць адмовіўся на падставе арт. 27 Канстытуцыі, якая дае чалавеку права не сведчыць супраць сябе.

Чарговая сведка, Таццяна Равяка, не адмаўляе, што атрымлівала сродкі ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасць. Пракурор паказаў ёй раздрукоўку, у якой пазначана, што Равяка атрымлівала пераводы з банкаўскага рахунку Бяляцкага. У адказ на гэта Равяка заўважыла, што ў раздрукоўцы ейнае прозвішча напісана не так, як у пашпарце. У сувязі з гэтым сведка дапусціла, што атрымальніцаю пераводаў, магчыма, была не яна. Праваабаронца падкрэсліла, што знаёмая з Бяляцкім ужо дваццаць гадоў. У той час, паведаміла яна, падсудны быў дырэктарам Літаратурнага музею Максіма Багдановіча ў Менску, а яна – працаўніцаю гэтага музею. Цяпер Равяка – прэзідэнт арганізацыі “Дом правоў чалавека” ў Літве.

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў заявіў, што атрымліваў грошы ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасць. Пры гэтым ніякіх узнагароджанняў за сваю працу ён не меў, і ніякіх прыбыткаў ні ён, ні Бяляцкі з гэтых сродкаў не атрымалі. Сазонаў таксама скарыстаўся артыкулам Канстытуцыі, які дазваляе яму не сведчыць супраць сябе, і на некаторыя пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы адказваць адмовіўся.

Пракурор паказаў Сазонаву пераклад раздрукоўкі з польскага банку, дзе некалькі разоў пазначанае ягонае прозвішча. Сазонаў заявіў, што не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтых дакументаў, бо бачыць іх упершыню.

Сведка з Магілёва Аляксей Колчын таксама скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам не адказваць на некаторыя пытанні дзяржаўнага абвінаваўцы.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, у сваю чаргу, скарысталася правам не сведчыць супраць мужа і даваць паказанні адмовілася.

Яшчэ адна сведка, Алена Лапцёнак, пацвердзіла, што атрымлівала ад Бяляцкага сродкі на праваабарончую дзейнасць і пісала справаздачы аб іх выкарыстанні, аднак паведамляць падрабязнасці адмовілася, спаслаўшыся на вышэйназваны артыкул Канстытуцыі.

Варта зазначыць, што Лапцёнак прыйшла ў суд у майцы з партрэтам падсуднага і надпісам “Свабоду Бяляцкаму!”, і спачатку яе не хацелі пускаць у залу пасяджэнняў. Затым сведцы дазволілі ўвайсці, папярэдне прымусіўшы яе надзець кофту. Пасля давання паказанняў Лапцёнак кофту зняла, і прысутныя ўбачылі майку. Зал апладзіраваў.

Суд задаволіў хадайніцтва адваката пра далучэнне да матэрыялаў справы статуту зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», раздруковак з сайтаў партнёраў «Вясны», якія пералічвалі грошы на рахунак Бяляцкага.

У судзе ў якасці сведкі дапыталі намесніка дырэктара дэпартаменту гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта Леаніда Чаўко. Ён растлумачыў, што замежная дапамога, гранты рэгіструюцца толькі пасля ўвозу ў Беларусь. Калі грошы не ўвезеныя, яны не рэгіструюцца як дапамога.

Яшчэ адна сведка, галоўная дзяржаўная інспектарка Міністэрства падаткаў і збораў Анжаліка Собалева, заявіла, што любыя грошы грамадзяніна Беларусі на замежных рахунках лічацца прыбыткам і падлягаюць падаткаабкладанню. Паводле яе, Бяляцкі не падаў дакументаў, якія пацвярджаюць, што гэтыя грошы не падлягаюць падаткаабкладанню, і не даў адпаведных тлумачэнняў, аднак прадставіў пярэчанні па актах праверкі. 3 жніўня, за дзень да затрымання Бяляцкага, акты праверкі ягоных замежных рахункаў былі накіраваныя ў дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, утрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага Кодэксу («Утойванне даходаў у асабліва буйным памеры»). Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.

Собалева заявіла, што акт падатковай праверкі можа быць перагледжаны, калі будуць пададзеныя дакументы, якія пацвярджаюць, што грошы на рахунках Бяляцкага не былі ягонымі даходамі.

«Ясна, што гэта ніякі не даход Бяляцкага. Гэта былі грошы не ягоныя, яны выкарыстоўваліся для падтрымання тых людзей, што сядзяць у турмах паводле палітычных матываў, іхных сем’яў, дзеля таго каб наняць адвакатаў, каб аказаць людзям медычную дапамогу. Бяляцкі дапамог тысячам і тысячам людзей і ад гэтага не ўзбагачаўся», – заявіў старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы выстаўленыя супраць Бяляцкага абвінавачванні. «Я гэты працэс ацэньваю адназначна як палітычна матываваны», – падкрэсліў палітык.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары