Алег Гулак у «Гарачым каментары»


Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна”, двойчы намінант на Нобелеўскую прэмію міру, лаўрэат шматлікіх міжнародных прэміяў у галіне абароны правоў чалавека, вядомы беларускі грамадскі дзеяч і пісьменнік. Сёння ў Маскоўскім судзе сталіцы распачаўся суд над Алесем Бяляцкім.

Ён застаецца пад арыштам з 4 жніўня, паводле абвінавачання ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Падставаю да арышту вядомага беларускага праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя замежныя банкаўскія рахункі, якую перадалі ўладам Беларусі Міністэрства юстыцыі Літвы і Генеральная пракуратура Польшчы. Пазней улады гэтых краінаў публічна папрасілі прабачэння ў арыштаванага і ягоных блізкіх.

Паводле Камітэту дзяржкантролю Бяляцкі не пазначыў у падатковых дэкларацыях суму, большую за 1 млрд руб. Сам абвінавачаны сцвярджае, што гэтыя сродкі не былі ягоным асабістым даходам і выдаткоўваліся выключна на праваабарончую дзейнасць – на падтрыманне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Сваёй віны Алесь Бяляцкі не прызнае. Тым часам вызвалення праваабаронцы патрабуюць улады Еўразвязу, Злучаных Штатаў і замежныя праваабарончыя арганізацыі.

Паводле кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэту, на працэсе не змаглі прысутнічаць прадстаўнікі шмат якіх замежных праваабарончых арганізацыяў, якім не далі беларускай візы. Аднак шматлікія праваабаронцы з краінаў СНД назіралі за судом.

“Мяне вельмі непрыемна ўразіла тое, што Алесь увесь час заставаўся ў клетцы – пры тым, што ён яшчэ не прызнаны злачынцам і абвінавачваецца выключна ў эканамічных злоўжываннях, а не ў нейкіх гвалтоўных дзеяннях. Гэта выглядае як безумоўны здзек з гонару і годнасці. Алесь трымаўся годна і мужна”, – заявіў спадар Гулак.

Працяг суда над Алесем Бяляцкім заўтра а 10-й гадзіне.

belsat.eu

Стужка навінаў