Сямён Шапіра: Беларускамоўныя класы трэба аднаўляць


Пра гэта старшыня Гарадзенскага аблвыканкама заявіў на нарадзе, прысвечанай адукацыі.

Сёння у вобласці фактычна не засталося гарадскіх школаў, дзе б навучанне праводзілася на беларускай мове. Яскравы прыклад –Ваўкавыск. Апошні клас тут выпусцілі летась, а новыя не набіралі ўжо чатыры гады.

Кіраўніцтва школ наракае, што гэта бацькі не жадаюць, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску: “Раней мы прымушалі і дзяцей, і бацькоў, каб былі беларускія класы. А цяпер ім далі свабоду, дык ніхто не хоча”, – кажа завуч ваўкавыскай СШ № 4 Тэрэза Каспяровіч.

Адраджэнне можа пачацца ў наступным годзе. “Спадар Шапіра загадаў нам аднаўляць беларускамоўныя класы. І калі цяпер ужо ад нас будуць патрабаваць гэта, то і мы запатрабуем ад бацькоў”, – пракаментавала сітуацыю дырэктар ваўкавыскай гімназіі №2 Тамара Фядоранькава.

Пакуль аддзел адукацыі райвыканкама можа прапанаваць беларускамоўным бацькам і іхнім дзецям індывідуальнае навучанне. Але як паказала апытанне кіраўніцтва школаў, толькі ў гімназіі № 1 рэальна могуць прадаставіць такую магчымасць: “Мы гатовы забяспечыць навучанне на роднай мове нават аднаму дзіцёнку. Створым усе ўмовы для яго. Бо самыя моцна зацікаўленыя ў адраджэнні роднай мовы ў навучанні”, – запэўніў дырэктар гімназіі №1 Мікалай Дзыкуновіч.

belsat.eu

Стужка навінаў