Апытанне: чаму кошты растуць?


Беларусь ужо некалькі месяцаў застаецца лідарам сярод шэрагу краінаў СНД і Еўропы ў росце спажывецкіх коштаў. Параўнальныя звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт.

Гэтак, у Беларусі рост спажывецкіх цэнаў у верасні ў дачыненні жніўня склаў 13,6 %. У той час як у Нарвегіі 0,9 %, Турцыі – 0,8 %, Фінляндыі ды Латвіі – 0,4 %, Ірландыі, Казахстане ды Славаччыне – 0,3 %, Іспаніі – 0,2 %, Польшчы ды Украіне – 0,1 %. У шэрагу краінаў інфляцыі не было і спажывецкія цэны засталіся на ранейшым узроўні: у Балгарыі, Італіі ды Расеі.

«Мне здаецца, прычынаю могуць быць нейкія палітычныя пазыкі. Калісьці быў крызіс, а ў нас ён быў практычна не заўважаны, можа з-за гэтага», – мяркуе адна з удзельніц апытання. Некаторыя рэспандэнты не хавалі свайго расчаравання і вінавацілі ў росце коштаў урад. «Мы ім даверылі, каб яны лічылі нашыя грошы, мы гэта плацім падаткі, ды не малыя. Калі б людзі добра зараблялі, то яны больш выдаткоўвалі і ў выйгрышы была б уся эканоміка. А калі мы мала зарабляем, мы мала можам купіць. Мы выбралі ўладу, каб яна за нас гэтую праблему вырашала», – гаворыць іншая рэспандэнтка.

«Трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, – упэўнены іншы ўдзельнік апытання. – Трэба шукаць праблему найперш у сабе»

belsat.eu

Стужка навінаў