Дзяржава кампенсуе студэнтам... тыдзень арэнды пакою


Іншагароднія студэнты-бясплатнікі, калі ім не хапіла месца ў інтэрнаце, змогуць атрымліваць кампенсацыю на найм жытла. Вось толькі грошы будуць выдаткоўвацца смешныя – 105 тыс. руб. у Менску і 70 тыс. руб. у іншых гарадах.

«Права на кампенсацыю атрымаюць не ўсе студэнты, а толькі тыя, у каго ў сям’і даход на чалавека не перавышае двух бюджэтаў пражыткавага мінімуму. Цяпер гэта каля 1,15 мільёна рублёў, – тлумачыць дырэктар студэнцкага гарадка БДУ Міхаіл Чарапеннікаў. – Гэта параўнальна невялікія грошы, але столькі ж – тры базавыя велічыні – студэнты плацяць за жыццё ў інтэрнатах павышанай камфортнасці».

На які час хопіць дзяржаўнай кампенсацыі? «З такімі грашыма пра аднапакаёвую кватэру можна нават і не марыць, – тлумачаць у агенцтве нерухомасці «Твая сталіца». – Калі пастарацца, у найлепшым выпадку можна знайсці пакой у двух- або трохпакаёвай кватэры за 50 долараў, каля 400–450 тысяч рублёў у эквіваленце. Гэта будзе не па лініі метро, дзе-небудзь у спальным раёне. Калі засяляцца ў такое памяшканне ўдвух, то з кожнага будзе па 30–35 долараў».

Калі ўлічыць, што іншагароднія студэнты змогуць атрымаць кампенсацыю памерам 105 тыс. руб., то гэтага хопіць, каб зняць кватэру ў сталіцы роўна на адзін тыдзень.

belsat.eu

Стужка навінаў