Звольнены назіральнік: Можа, паеду дворнікам у Лондан…


За інтэрв’ю “Народнай волі” Аляксея Бруно звольнілі з пасады дырэктара фірмы.

Такі працяг атрымала гісторыя з фальсіфікацыяй парламенцкіх выбараў на адным з менскіх выбарчых участкаў, пра якія «Белсату» распавёў падпалкоўнік Мікалай Казлоў. Аляксей Бруно, быў назіральнікам на тым жа ўчастку. Пра свае заўвагі да хады галасавання і падліку галасоў ён распавёў газеце «Народная воля».

У дзень выхаду артыкула заснавальнікі звольнілі Аляксея Бруно з пасады дырэктара фірмы, якой ён прысвяціў значную частку свайго жыцця. Ён кажа, што ніхто з ягоных знаёмых, у тым ліку і заснавальнікі, не з’яўляюцца сталымі чытачамі газеты. Таму мяркуе, што кіраўніцтва адмыслова «праінфармавалі».

«Мяне выклікалі заснавальнікі, паказалі на старонцы “Беларускі партызан” гэты артыкул і патлумачылі, што бізнес і палітыка несумяшчальныя», – угадвае Аляксей Бруно. Ён кажа, што калі б застаўся на пасадзе, фірму давялі б да банкруцтва. А паколькі на ёй працуюць людзі, якія могуць праз яго страціць працу, ён не настойваў на тым, каб яго пакінулі.

Зараз разважае, ці папрасіцца назад звычайным найміт: вельмі ж цяжка кідаць справу, якой прысвяціў столькі намаганняў. Калі не возьмуць? “Ангельскую я ведаю нядрэнна. Буду дворнікам у Лондане – добрая праца, свежае паветра, прыгожы горад”, – сумна жартуе Аляксей Бруно.

belsat.eu
https://youtu.be/05rrMQB0FFM

Глядзі таксама
Каментары