Судзяць Бяляцкага (Абноўлена)


17:30 У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 3 лістапада.

17:00
Адвакат Алеся паўторна падае паданне аб запатрабаванні актаў мытнага агляду праваабаронцы, а таксама хадайніцтва аб запатрабаванні ад падатковай інспекцыі актаў праверкі Бяляцкаа за апошнія 10 год. Суддзя хадайніцтвы задаволіў.

15:25
Алесь Бяляцкі патлумачыў, што два банкаўскія рахункі ў Літву ды Польшчы былі адчыненыя дзеля паступлення сродкаў пасля закрыцця ў Беларусі праваабарончага цэнтру “Вясна”, што абараняе ахвяраў рэпрэсіяў ды ладзіць маніторынгі выбарчых кампаній.

15:00
Алесь Бяляцкі заявіў, што сумняецца ў сапраўднасці выпісак з ягонага рахунку ў літоўскім Nord bankas, паколькі яны не завераныя банкам. Праваабаронца таксама не пацвердзіў факт пераводу грошай са свайго рахунку на рахунак праваабаронцы Таццяны Равяка.

14:15.
Працяг паседжання. Дапытваюць Алеся Бяляцкага.

13.00.
У судзе абвешчаны перапынак да 14.00.


12.50.
Адказваючы на пытанні пракурора, Бяляцкі паведаміў, што ў 2007 годзе падатковая інспекцыя праверыла яго даходы за папярэднія 10 гадоў. Па словах падсуднага, у 2007 годзе ён склаў дамову з грамадзянінам Польшчы аб працы ў якасці перакладчыка з польскай на беларускую і з беларускай на польскую мовы. Гэта і стала асноўным прыбыткам Бяляцкага. Акрамя таго, па словах падсуднага, ён атрымліваў ганарары за публікацыі ў газетах, а таксама падрыхтаваў і выдаў адну кнігу.

Усе гэтыя даходы праваабаронца дэклараваў, і ў ходзе праверкі яго дэкларацый ў падатковай інспекцыі Першамайскага раёна не ўзнікала пытанняў. Па словах Бяляцкага, з 2007 года ён рэгулярна дэклараваў свае даходы, але прэтэнзій да яго чамусьці ўзніклі толькі цяпер.

Што датычыцца пасады віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, якую займае Бяляцкі, то гэта грамадская пасада, якая не аплачваецца, паведаміў падсудны.

12:45.
Бяляцкі адмаўляе абвінавачванні і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле падсуднага, абвінавачванне ў нявыплаце падаткаў – толькі падстава для арышту. Пракурор прапанаваў Бяляцкаму пакрыць шкоду ўзамен на змяненне меры стрымання. Той адмовіўся.

12.40. Зачытанае абвінавачванне, паводле якога Бяляцкі з 2007 па 2010 гады не заплаціў падаткаў на суму 352 млн. 274 тыс. 360 рублёў.

12:20 Суддзя адхіліў просьбу аб змяненні меры стрымання на падпіску аб нявыездзе.

11:55. Абарона просіць суд запатрабаваць з падатковай інспекцыі Першамайскага раёну Менску вынікі правярання выдаткаў і даходаў Бяляцкага за 2000–2010 гг. Абвінаваўца, у сваю чаргу, адзначыў: у матэрыялах справы адсутнічаюць звесткі пра тое, што такія праверкі праводзіліся. Калі будзе высветлена, у тым ліку шляхам допыту абвінавачанага, што такое правяранне мела месца, то хадайніцтва абароны можа быць задаволенае, дадаў пракурор. Суд пастанавіў на цяперашнім этапе ў задавальненні гэтага хадайніцтва адмовіць.

Адвакат Лаеўскі таксама заявіў, што ў матэрыялах справы ёсць звесткі пра перасячэнне Бяляцкім мяжы. «Пры перасячэнні мяжы ў адносінах да майго падабароннага праводзіліся аперацыі мытнага кантролю. Мы просім запатрабаваць акты гэтых аперацыяў. Гэтае хадайніцтва мы заяўляем цяпер, каб не зацягваць працэсу», – растлумачыў адвакат. У сваю чаргу пракурор адзначыў, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць звесткі пра такія аперацыі. Суд пастанавіў адмовіць у задавальненні гэтага хадайніцтва на цяперашнім этапе.

Адвакат заявіў скаргу на папярэднія адмовы розных інстанцыяў змяніць меру стрымання Бяляцкаму. Суд пайшоў раіцца.

11:10. Адвакат папрасіў далучыць да справы копіі скаргаў, з якімі ён звяртаўся ў розныя інстанцыі, – гэтае хадайніцтва суд задаволіў. Акрамя таго, Лаеўскі папрасіў суд перакласці дакументы на замежных мовах, якія маюцца ў справе, але да гэтага часу не перакладзеныя. У адказ абвінаваўца заявіў, што на цяперашнім этапе ў гэтым няма неабходнасці. Аднак суд задаволіў хадайніцтва адваката і пастанавіў забяспечыць пераклад дакументаў.

10:55.
У звязку з тым, што працэс будзе весціся на расейскай мове, Бяляцкі заявіў хадайніцтва аб вылучэнні яму перакладчыка, каб, паводле яго, бакі лепш разумелі адзін аднаго.

10:50. Характарыстыкі Бяляцкага з Саюзу беларускіх пісьменнікаў да справы далучаныя. Пасля 40 хвілінаў працэсу суд выказаў заклапочанасць з нагоды таго, што аператары медыяў вядуць здымкі, і пацікавіўся меркаваннем удзельнікаў. Бяляцкі выступіў за працяг здымкі, пракурор – супраць. Суд падтрымаў абвінавачванне, забараніўшы здымкі.

10:47.
Пасля нарады суд адмовіў Бяляцкаму ў змене меры стрымання.

10:25. Пракурор мяркуе, што правы Бяляцкага не будуць парушаныя, калі працэс будзе весціся на расейскай мове. Ён таксама выступіў супраць змены падсуднаму меры стрымання. Суд вырашыў адмовіць Бяляцкаму ў хадайніцтве аб вядзенні працэсу па-беларуску і пайшоў раіцца з нагоды змены меры стрымання.

10:22. Адвакат Дзмітрый Лоеўскі папрасіў суд далучыць да справы даведку Саюзу беларускіх пісьменнікаў пра тое, што Бяляцкі ёсць сябрам гэтай арганізацыі з 1970-х гг., а таксама ягоную творчую характарыстыку.

10:19. Бяляцкі заявіў суду два хадайніцтвы – змяніць яму меру стрымання і весці працэс на беларускай мове.

10:13. Паседжанне пачалося. Працэс вядзе суддзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор – Уладзімір Сайкоўскі.

Сёння ў Менску распачынаецца разгляд крымінальнай справы супраць беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Старшынствуе на працэсе суддзя Першамайскага раёну сталіцы Бандарэнка, а самыя слуханні пройдуць у будынку суда Маскоўскага раёну, дзе залы больш ёмістыя.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі Беларусі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, утрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага Кодэксу («Утойванне даходаў у асабліва буйным памеры»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу праваабаронцы сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы ў межах дамоваў аб прававой дапамозе.

Паводле інфармацыі Камітэту дзяржкантролю, цягам 2009–2010 гг. Бяляцкі падаваў у падатковыя органы дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у тым ліку аб даходах, атрыманых за мяжою. «У дэкларацыях паказвалася толькі нязначная частка даходаў, атрыманых за межамі Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена, што сума даходу, не паказаная ім у падатковых дэкларацыях і якая падлягае падаткаабкладанню, склала больш як 1 мільярд рублёў, а сума нявыплачанага гэтым грамадзянінам падаходнага падатку склала 143,7 мільёна рублёў, гэта значыць у асабліва буйным памеры», – гаварылася ў паведамленні КДК. Паводле праваабаронцаў, гэтая сродкі на замежных рахунках збіраліся не ў якасці даходу, а дзеля падтрымання беларускіх грамадзянаў, у тым ліку палітвязняў, чые правы былі парушаныя, ды іхных сем’яў.

Беларускія амбасады ў розных краінах адмовілі ў выдачы візаў міжнародным праваабаронцам, якія збіраліся прыехаць у Менск на судовы працэс над Бяляцкім. Паводле інфармацыі праваабарончага сайту www.spring96.org, беларуская амбасада ў Парыжы не выдала візы прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Бэльхасэн, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Менску. У візах таксама адмовілі праваабаронцам з Бельгіі, Нарвегіі ды Швецыі.

Алесь Бяляцкі ўтрымліваецца ў следчым ізалятары па вул. Валадарскага ў Менску. 25 верасня яму споўнілася 49 гадоў. Бяляцкага збіраюцца вылучыць на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў галіне праваабарончай дзейнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў