Казімір Фарыно: У краіне няма праблемаў з беларускаю моваю


Пра гэта намеснік міністра адукацыі заявіў на прэс-канферэнцыі ў Гомлі, дзе з 31 кастрычніка да 7 лістапада праходзіць заключны этап алімпіяды беларускіх і расейскіх школьнікаў «Расея і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць».

На пытанні журналістаў адказалі арганізатары спаборніцтва і чальцы журы алімпіяды. Гомельскія журналісты пацікавіліся, чаму ў конкурсныя заданні не ўключылі хаця б элементаў на беларускай мове, калі гаворка ідзе пра ўзаемнае ўзбагачэнне дзвюх культураў. Пры гэтым праграма заключнага этапу алімпіяды ўключае напісанне сачынення і выкананне комплекснай работы па беларускай мове і літаратуры ды творчыя конкурсы. Таксама прагучалі пытанні пра ролю беларускай мовы.

Казімір Фарыно выказаў меркаванне, што беларуская моладзь усё больш цікавіцца роднаю моваю. «Сёння такія вось правакацыйныя пытанні не маюць пад сабою падставаў, у нас роўная колькасць гадзінаў на вывучэнне як беларускай, так і расейскай моваў», – заявіў намеснік міністра.

«Сёння праблемы білінгвізму складаныя і больш напружаныя для нас, чым для расейцаў, у нас дзве мовы паводле Канстытуцыі, абавязковыя для вывучэння. Проста часам асобныя факты падаюцца гіпертрафавана. Не трэба хвалявацца, не знікне беларуская мова і літаратура, бо дзяржава падтрымлівала і падтрымлівае ўсё наша нацыянальнае, айчыннае, усё, што створана тут самае лепшае», – заявіў Казімір Фарыно.

Яго падтрымаў кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы ў Менску Сяргей Забалоцец. Ён прапанаваў «не падаграваць штучна дыскусію». «Урэшце, што такое мова? Гэта сродак зносінаў, а мы пачынаем палітызаваць гэтую сферу. Калі мова – сродак зносінаў, і мы разумеем адзін аднаго?.. Ды хоць на іўрыце. Але ў нас няма такіх прыкладаў, калі задушваюць нейкую мову іншаю моваю. Вось ўспомнім 10–15 гадоў таму было: ай-ай-ай, беларуская мова, беларуская мова… Каго сёння сілаю задушылі? Ёсць жа свабодны выбар?» – спытаў у журналістаў Забалоцец.

На прапанову ўнесці ў алімпіяду заданні на беларускай мове адрэагавала і старшыня журы алімпіяды, доктар педагагічных навук Ларыса Мурын. «У нас жа лінгвакультуралагічны падыход да вывучэння мовы, у нас усе кампаненты беларускай культуры прысутнічаюць ува ўсіх нашых падручніках расейскай мовы, у нас беларускія падручнікі, расейская мова – але ў Беларусі», – патлумачыла доктар навук.

У Гомель на заключны этап алімпіяды прыехалі прыкладна 170 школьнікаў з 19 рэгіёнаў Расеі, а таксама з беларускіх абласцей. Алімпіяда «Расея і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць» праводзіцца шосты раз. На яе з бюджэту Саюзнай дзяржавы выдзелілі 5,5 млн рас. руб.

belsat.eu

Стужка навінаў