Леанід Заіка ў «Гарачым каментары»


Новы месяц і новыя кошты. Цэны павышаюцца значна і шмат на што. Магчыма, гэта і ёсць тое выйсце з крызісу, пра якое казаў Аляксандр Лукашэнка.

З 1 лістапада падаражаюць паліва, лекі, алкаголь, цыгарэты, праезд у грамадскім транспарце, камунальныя паслугі ды іншае. Разам з гэтым улады падкрэсліваюць, што правялі індэксацыю выплатаў, павялічылі бюджэт пражытковага мінімуму, пенсіі, надбаўкі і дапамогу на дзяцей.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, будзе толькі горай. Беларусь увайшла ў фазу актыўнай інфляцыі.

«Першым быў скок – калі цэны пачалі рэагаваць на курс долара, цяпер жа цэны рэагуюць не на курс валюты, а на ўнутраную інфляцыю. І гэтае падаражанне будзе працягвацца. Цягам наступных двух–трох месяцаў цэны будуць расці літаральна на ўсё. І перадусім на тавары, патрэбныя малазабяспечаным, камунальныя паслугі ды экспартныя тавары», – кажа эканаміст.

Таму словы кіраўніка дзяржавы пра хуткі выхад з крызісу падаюцца перабольшваннем. У цяперашняй сітуацыі пры павышэнні заробкаў і пенсіяў няўхільна вырастуць і кошты. На думку Леаніда Заікі, галоўнаю памылкаю было правядзенне паступовай дэвальвацыі. Эканаміст прадказвае 300 % інфляцыі да канца гэтага года.

«Але ёсць групы насельніцтва, даходы якіх не вырастуць значна з-за праведзенай індэксацыі. Гэта перадусім шматдзетныя сем’і ды пенсіянеры. Таму людзі цяпер у прынцыпе вымушаныя рэзка абмяжоўваць сваё спажыванне. Беларусы проста хаваюць тое, як ім дрэнна жыць. Людзі баяцца задаць сабе пытанне, чаго дабілася Беларусь у гэтыя 17 гадоў пабудовы «сацыяльнай дзяржавы». Сярэдняга заробку памерам 200 долараў? Дык гэта ж проста прыніжальна. Людзі думаюць, што хтосьці іншы вінаваты, што магло быць горай», – падкрэслівае Леанід Заіка.

belsat.eu

Стужка навінаў