Беларускіх выданняў паменела, і каштуюць кнігі цяпер даражэй


Сярэдні кошт кніг павялічыўся ўтрая, а наклад беларускіх выданняў скараціўся больш як на 17 %.

Такія лічбы агучыла Нацыянальная кніжная палата Беларусі. Паводле падлікаў чыноўнікаў, найменняў кніг цяпер больш, але наклад у параўнанні з 2010 г. скараціўся на 17,2 %. Гэта тлумачаць найперш падаражаннем паперы. Дзяржаўныя выдавецтвы, якія фінансуюцца з бюджэту, цяпер пераглядаюць планы публікацыі кніг – выпускацца будзе толькі літаратура, гарантавана запатрабаваная на рынку. Дырэктарка выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Таццяна Бялова кажа: «Без датацыяў дзяржавы мы б не змаглі рэалізаваць усіх сваіх праектаў. Таму падтрыманне для нас вельмі істотнае. Мы працуем над папулярызацыяй Беларусі і яе культуры не толькі ў нашай краіне, але і за мяжою. Імкнемся, у тым ліку, заключаць выгадныя міжнародныя пагадненні аб супрацы».

Уласнік прыватнага выдавецтва Ігар Логвінаў у сваю чаргу заўважае, што не толькі падаражанне паперы паўплывала на скарачэнне накладаў. «Вельмі моцна знізіўся попыт на беларускія кнігі – на 30–40 %. Што датычыць кошту, то ў беларускіх рублях кнігі пачалі каштаваць у тры разы даражэй, а вось у доларавым эквіваленце засталіся, бадай, на тым жа ўзроўні. Тым не менш, у нашых чытачоў існуе такі псіхалагічны бар’ер – высокай цаны ў рублях. Яно і зразумела – заробкі ў людзей мала змяніліся», – кажа суразмоўца.

belsat.eu

Стужка навінаў