Міжнародных праваабаронцаў не пускаюць на суд над Бяляцкім


Беларускія пасольствы ў розных краінах адмаўляюць у выдачы візаў міжнародным праваабаронцам, якія мелі намер прыехаць у Менск на судовы працэс над Алесем Бяляцкім.

У прыватнасці, як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, беларускае пасольства ў Парыжы не выдала візу прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Сухайр Бэльхасэн, спаслаўшыся на непажаданасць яе прысутнасці ў Менску.

У візе адмовілі кіраўніцы праграмаў праваабарончай арганізацыі «Сivil Rights Defenders» Мары Монсан (Швецыя), праваабаронцам з Нарвегіі Анэ Тусвік Бондэ і Дайве Пяткявічуце, якія прадстаўляюць Фонд дамоў правоў чалавека, а таксама прадстаўніцы «Partnership for Human Rights» Мар’яне Рошы (Бельгія).

Беларускі бок таксама адмовіў у візе прадстаўніцы Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Бэрыт Ліндэман. Пры гэтым, адзначаюць праваабаронцы, напярэдадні ёй паведамілі, што віза гатовая і дакументы можна забраць у любы час.

Працэс над Алесем Бяляцкім пачынаецца 2 лістапада. Вядомы беларускі праваабаронца ўтрымліваецца пад арыштам з 4 жніўня паводле абвінавачання ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры. Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага сталася інфармацыя пра ягоныя рахункі ў замежных банках, перададзеная ўладам Беларусі Міністэрствам юстыцыі Літвы і Генеральнаю пракуратураю Польшчы. Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўразвязу, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

Напярэдадні суда праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» выступіла з заяваю, у якой запатрабавала ад уладаў Беларусі спыніць крымінальную справу ў дачыненні Бяляцкага. «Цягам больш як 16 гадоў улады Беларусі паслядоўна ўзмацняюць кантроль за грамадзянскаю супольнасцю. Крымінальная справа супраць Бяляцкага – гэта спроба канчаткова перакрыць кісларод праваабарончай дзейнасці ў краіне», – гаворыцца ў дакуменце.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары