Ціск на палітвязняў узмацніўся


Сваякі зняволеных упэўненыя, што ўлада не спыніцца нават перад фізічным знішчэннем сваіх апанентаў.

«Андрэя Саннікава дагэтуль трымаюць у памяшканні камернага тыпу. Адміністрацыя калоніі тлумачыць гэта неабходнасцю стварыць бяспечны рэжым ягонага ўтрымання. Аднак факты сведчаць пра адваротнае. Спачатку да Андрэя ў камеру падсялілі хворага на сухоты вязня. Потым вязня з так званым нізкім статусам. І толькі пасля таго, як на знак пратэсту Андрэй абвесціў сухую галадоўку, сітуацыя выправілася», – распавяла на тэрміновай прэс-канферэнцыі жонка зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнцтва Ірына Халіп.

На ейнае меркаванне, гэтымі паводзінамі ўлада дэманструе вязню, што ў любы момант можа знішчыць яго – заразіць нейкаю хваробаю, сапсаваць ягоную рэпутацыю. Ірына Халіп гаворыць, што гэта робіцца для таго, каб прымусіць Андрэя Саннікава напісаць прашэнне аб памілаванні.

Таго ж улада дамагаецца ад яшчэ аднаго зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнцтва – Мікалая Статкевіча. Як распавяла жонка палітыка Марына Адамовіч, ужо 10 месяцаў вязня трымаюць у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. «Учора ўпершыню за апошнія тры месяцы я атрымала караценькі ліст ад Мікалая. З яго зразумела, што зноўку пачаўся ціск з мэтаю вымусіць яго напісаць прашэнне аб памілаванні. Мікола папярэджвае, што ў гэткай сітуацыі з ім можа адбыцца ўсё, што заўгодна, аднак ні пры якіх умовах прасіць ён за сябе не збіраецца», – гаворыць Марына Адамовіч.

Жанчыну вельмі непакоіць тое, што з учорашняга дня Мікалая Статкевіча зноўку накіравалі цягаць бярвенні, хоць у яго дагэтуль не зажыла рука і непакоіць зламаная яшчэ ў жніўні рабрына. «Ён знаходзіцца ў 34 брыгадзе, туды раней размяркоўвалі вязняў да 30 гадоў, бо гэтую брыгаду накіроўваюць на самыя цяжкія працы. І вось сярод гэтых маладых і здаровых апынуўся чамусьці і Мікалай. Я гэта расцэньваю як катаванні», – заяўляе Марына Адамовіч.

Вельмі хвалюецца пра здароўе мужа і Вольга Бандарэнка. «Дзіме рэальна пагражае інваліднасць. З медчасткі яго перавялі ў звычайны атрад, дзе ён не можа выконваць усіх рэкамендацыяў медыкаў. Болей за тое, Дзіме ўжо прапаноўваюць папрацаваць, хоць гэта яму катэгарычна забаронена з медыцынскіх паказнікаў. Ён, вядома, адмовіўся. Але я не ведаю, як расцэніць гэта адміністрацыя калоніі, бо адмова ад працы – гэта ж парушэнне рэжыму», – зазначае Вольга Бандарэнка. Яна дадае, што 30 кастрычніка мужа пазбавілі магчымасці тэлефанаваць дадому.

Жанчыны гавораць, што іхным родным не даюць сустракацца адзін на адзін з адвакатамі. Усе размовы адбываюцца праз шкло і па тэлефоне. Гутарку слухаюць дзяжурныя, якія перыядычна выключаюць гук, каб зняволеныя не маглі перадаць «крамольных звестак» на волю. Жанчыны ўпэўненыя, што вызваленне часткі палітычных вязняў – гэта ілюзія пазітыўных зменаў. І заклікаюць Еўропу не паслабляць ціску на беларускі рэжым: «Нашых родных у турмах цяпер забіваюць».

На прэс-канферэнцыі не змагла прысутнічаць Наста Палажанка – яна не паспела вярнуцца з калоніі, дзе ўтрымліваецца Зміцер Дашкевіч. Аднак дзяўчына паведаміла па тэлефоне, што сітуацыя са Змітром таксама значна пагоршылася, заявіў журналістам кіраўнік навукова-асветніцкай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка. Ён таксама распавёў, што «Платформа» падрыхтавала аналітычную запіску на імя кіраўніка Камітэту супраць катаванняў, дзе будзе выкладзеная цяперашняя сітуацыя з беларускімі палітвязнямі.

«Нас часта папракаюць тым, што мы звяртаемся за падтрыманнем да еўрапейцаў, амерыканцаў, расейцаў, але не просім таго, хто сапраўды трымае нашых мужоў за кратамі. Сёння я ўпершыню звяртаюся да Лукашэнкі: дакажыце, што вы сапраўдны мужчына, што вы не баіцеся сваіх апанентаў і выпусціце іх на волю», – адзначыла Ірына Халіп.

Марына Адамовіч заклікала ўсіх пісаць лісты вязням. «Незалежна ад таго, даходзяць яны да адрасатаў або не, гэта вельмі моцны фактар ціску найперш на адміністрацыі калоніяў, дзе ўтрымліваюць вязняў», – падкрэсліла Марына Адамовіч.

belsat.eu

Стужка навінаў