Транспарт з лістапада падаражэў на 50 %


Сёння падвышаюцца кошты на міжнародныя і гарадскія перавозкі.

Беларуская чыгунка абвесціла пра павышэнне міжнародных тарыфаў прыкладна на 50 %. Паводле начальніка пасажырскай службы Аляксандра Беластоцкага, падаражанне непазбежнае пасля прыняцця новага курсу валюты Нацыянальным банкам. “Мы вядзем разлікі з краінамі Заходняй Еўропы еўрамі, а з краінамі СНД і Балтыі – швейцарскімі франкамі, таму відавочна, што праезд падаражэў”, – кажа суразмоўца. Адзначым, што курс швейцарскага франку ўзняўся на 57 %. Гэта значыць, што цяпер за праезд у плацкарце цягніком Менск – Масква давядзецца заплаціць амаль 300 000 руб., Менск – Санкт-Пецярбург – больш за 400 000 руб., Менск – Вільня – больш за 120 000 руб., а Менск – Варшава – каля 600 000 руб.

У кіраўніцтве Беларускай чыгункі заўважаюць, што тарыфаў на перавозкі ў краіне пакуль павышаць не будуць. Чаго нельга сказаць пра аўтобусныя перавозкі. Кошты на міжнародныя аўтобусныя рэйсы зменяцца днямі, падаражанне складзе каля 50 %, кажуць у “Менсктрансе”, хоць афіцыйнага рашэння тут пакуль няма. Аднак прыгарадныя паездкі ўжо сталі на 80 % даражэйшыя. У прэсавай службе “Менсктрансу” заўважылі, што на павышэнне пайшлі ў той час, калі дачны сезон фактычна скончаны, хоць падаражанне наспявала значна раней.

Ад сёння і гарадскі транспарт стаў даражэйшы. Праезд у Менску цяпер каштуе 1300 руб. Да канца года транспартнікі плануюць яго падняць да 1850 руб. Уладальнікам маршрутак упершыню дазволілі прызначаць адвольны кошт. Першыя цэннікі змянілі найбольш папулярныя рэйсы з Малінаўкі ва Уручча: цяпер адна паездка такім маршрутам каштуе 4500 руб. Дыспетчар ПУП “Аўтадарніка” паведамляе, што кошт будзе змяняцца, бо ён не адлюстроўвае ўсіх выдаткаў транспартнікаў.

“Рэч у тым, што колькасць паездак лічыцца толькі паводле выбітых квіткоў, якія, як вядома, кіроўцы маршрутак толькі зрэдку даюць пасажырам, – кажа прэс-сакратар Міністэрства падаткаў і збораў Сяргей Шукут. – Гэта дазваляе хаваць значную частку прыбытку і выстаўляць вышэйшыя кошты на праезд. Мы заклікаем пасажыраў патрабаваць квіткі, а ў выпадку парушэнняў паведамляць пра гэта на гарачы нумар МПЗ: (017) 328-53-53”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары