У лістапад – з новымі коштамі


Падаражэлі гарэлка і піва, тытунёвыя вырабы, праезд у грамадскім транспарце, сувязь. На чарзе – бензін і дызельнае паліва.

Павялічаныя стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю, піва і тытунёвыя вырабы. Акцыз на алкагольную прадукцыю з аб’ёмнаю доляю этылавага спірту 28 % і больш і напоі вінныя, на алкагольную прадукцыю з доляю этылавага спірту ад 7 % да 28 %, на каньяк, брэндзі, кальвадос павялічаны на 33,3 % – да 40 000 руб. у разліку на літр бязводнага (100 %) этылавага спірту ў гатовай прадукцыі.

Як паведамілі ў прэс-службе канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, мінімальны кошт бутэлькі прэйскурантнай гарэлкі складзе 22 000 руб., віна вінаграднага – 17 200 руб. Апошні раз акцыз на гарэлку павялічваўся 1 верасня – на 35,4 %, да 30 000 руб.

Стаўка акцызу на цыгарэты з фільтрам коштам да 3000 руб. павялічаная на 11 %, да 17 000 руб. за тысячу штук, ад 3000 да 6000 руб. – на 12,5 % да 45 000, пры кошце больш за 6000 руб. за пачак, а таксама на цыгарэты, раздробны кошт на якія не вызначаны, – на 8,3 % да 65 000 руб.

Даражэюць і лекі. Для росту коштаў на медыкаменты ёсць дзве прычыны. Па-першае, на пачатку месяца аптэкі маюць права праводзіць пераацэньванне лекаў. Улічваючы, што ў сярэдзіне кастрычніка курс рубля зноў быў дэвальваваны, відавочна, што кошты на лекі будуць перагледжаныя ў бок павелічэння. Па-другое, пасля аб’яднання гандлёвых сесіяў на валютнай біржы афіцыйны курс стаў адпавядаць рынкаваму, і пастаўнікі лекаў страцілі магчымасць купляць валюту для набыцця імпартных медыкаментаў паводле ніжэйшага афіцыйнага курсу.

Чакаецца, што разам з імпартнымі лекамі падаражэюць і айчынныя медпрэпараты, якія на 70–75 % складаюцца з замежных субстанцыяў, што цяпер аплачваюцца валютаю паводле рынкавага курсу.

Стаў даражэйшы кошт праезду ў грамадскім і прыгарадным транспарце. У Менску адна паездка цяпер будзе каштаваць пасажыру 1300 руб. (дагэтуль было 950 руб.). Паводле інфармацыі “Менсктрансу”, месячны праязны на адзін тып транспарту будзе каштаваць 51 200 руб. на два – 68 400 руб., на тры – 81 600 руб., на чатыры віды – 92 300 руб., на аўтобус-экспрэс – 64 700 руб.

Уладальнікам маршрутак дазволілі самастойна прызначаць тарыфы на праезд “на аснове планавых расходаў, падаткаў ды іншых абавязковых выплатаў, вызначаных заканадаўствам, і прыбытку, з улікам кан’юнктуры рынку, разлічанай зыходзячы з нарматыву рэнтабельнасці не больш за 15 %”.

У гэтым месяцы жыхары Беларусі заплацяць за кватэры паводле новых тарыфаў з улікам двух тыдняў ацяплення. Самі тарыфы падвышаныя 1 верасня. Паводле разлікаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у ацяпляльны перыяд плата за камунальныя паслугі за пражыванне ў двухпакаёвай кватэры плошчаю 48 кв. м, дзе жывуць тры чалавекі, складзе 197 000 руб. (у тым ліку за ацяпленне – 62 400 руб.). Летась такая ж кватэра абыходзілася 162 800 руб. (у тым ліку за ацяпленне – 56 700).

Нарматыў спажывання вады – 140 л на дзень на аднаго чалавека. Адзін кубічны метр вады цяпер каштуе 585 руб., адзін кубічны метр вады для каналізацыі – 305 руб., агулам – 890 руб. Да аб’ёмаў спажытай вады, якія перавышаюць 140 л на дзень, будзе ўжывацца тарыф, што забяспечвае поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў. Гэта 1440,9 руб. за кубічны метр вады і 1105 руб. за кубічны метр вады для каналізацыі – агулам 2545,9 руб.

З 1 лістапада пачынае дзеяць новая стаўка акцызу на дызельнае паліва – 676 260 руб. за тону. Найбліжэйшым часам чакаецца чарговае падаражанне бензіну. З пачатку года кошты на паліва ў Беларусі змяняліся ўжо дзевяць разоў.

Даражэе мабільная сувязь. “Velcom” абвесціў пра павелічэнне кошту паслугаў сувязі на 15 % – праўда, не з 1 лістапада, а з 30-га. Як паведамляе прэс-служба кампаніі, тарыфы на выклікі ды дадатковыя паслугі будуць акругленыя да аднаго рубля згодна з правіламі арыфметычнага акруглення, тарыфы на аднаразовыя выплаты і адмысловыя паслугі – да 50 руб. Гэта будзе ўжо трэцяе павышэнне тарыфаў “Velcom” сёлета, пасля таго як 24 чэрвеня яны выраслі на 10 % і 16 кастрычніка – на 7 %.

“Белсел” з сённяшняга дня павялічвае тарыфы на міжнародныя званкі; МТС павялічыў кошты ў сярэднім на 10 % з 11 ліпеня; Lifeзначна падняў кошт шэрагу паслугаў з 15 чэрвеня, а таксама павялічыў тарыфы на шэраг паслуг з 3 кастрычніка.

Як зазначыў эканаміст Сяргей Чалы, паводле ўзроўню даходаў беларусы вяртаюцца ў 2005 г. “І ўсё ж гэта перыяд затухання інфляцыі. Іншая рэч, што ўзровень жыцця, які атрымліваецца ўрэшце, даволі нізкі – і досыць нязвыклы для нашых грамадзянаў. Гэта ўзровень жыцця, які быў у нас у 2005 г. Але інакш як інфляцыйнымі механізмамі дамагчыся павышэння даходаў у такой сітуацыі нельга”, – перакананы эканаміст.

belsat.eu

Стужка навінаў